У Маладзечна адкрылі музей савецкай цацкі

Любімая маміна лялька, дзядулеў настольны футбол – сямейная рэліквія.

Ад савецкіх цацак дзяцей не адарваць! У гэтым пераканаліся арганізатары выстаўкі “Добры дзень, цацка: прывітанне з СССР”, якая праходзіць у музеі “Маладзечанскай сярэдняй школы №1 імя Янкі Купалы”. Ідэя такой выставы прыйшла старшыні пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Вяршыцкай Натальі, якую падхапілі з задавальненнем яе калегі.

Гэта чацвёртая тэматычная навагодняя выстаўка, расказвае дырэктар школьнага музея Вольга Смалонская. У мінулыя гады ўсёй школай стваралі калекцыі календароў, скарбонак, матрошак. І вось узнікла новая ідэя – наладзіць экспазіцыю савецкіх цацак, што захаваліся ў сем’ях настаўнікаў і вучняў. Адгукнуліся ўсе – ад першакласнікаў да выпускнікоў. З’ездзілі да бабуляў, правялі рэвізію старых сервантаў ды гарышчаў. У выніку сабралі 170 экспанатаў самых розных цацак – ад маленькіх пупсаў і бразготак да вялікіх мядзведзяў, набітых апілкамі і мары хлопчыкаў савецкай эпохі – пластмасавага «Белаза» з адкідным кузавам. Самым папулярным персанажам выстаўкі аказаўся Карлсан. Іх сабралася ажно сем, прычым выраз твару ва ўсіх розны, а адзін і наогул падобны на Юрыя Куклачова. Шмат прынеслі і гумовых гномікаў, неваляшак, лялек, пісталетаў і іншай пластмасавай зброі, якой у 70-80-я гулялі ў вайнушку хлопчыкі.

Дзяўчынак найперш прыцягваюць лялькі. Хаця некаторыя з іх і не першай свежасці, але вочы ў іх закрываюцца, валасы можна расчэсваць, сукенкі пераапранаць.

З кожнай звязаны настальгічныя ўспаміны, светлы сум па дзяцінстве, якое, на жаль, не вернеш.

- Гэту ляльку мне ў сем год падарыў тата, прывёз яе з Мінска. Я называла яе Кацяй і вельмі любіла. А з гэтым гумовым мішкам гуляў мой сын Уладзіслаў, калі быў маленькім. Цяпер яму 23 гады, - расказвае настаўніца пачатковых класаў Таццяна Пекарэвіч. 

Ляльку-негрытоску, экзатычную ў савецкія часы, прынесла на выстаўку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мая Февралёва. Наталля Вяршыцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, з дзяцінства захавала любімую вялікую ляльку ва ўбранні нявесты. Падобных у 70-80-я гады садзілі на капот машыны, у якой маладыя ехалі ў ЗАГС на рэгістрацыю шлюбу. 

- Я ў такія лялькі не гуляла, маё пакаленне было ў захапленні ад Барбі, - услед за калегамі вяртаецца ў дзяцінства дырэктар музея Вольга Смалонская і дэманструе адну з самых першых Барбі, якія з’явіліся ў пачатку 90-х. – Сапраўдным шчасцем было, калі ў даўганогіх прыгажунь гнуліся рукі і ногі ды было некалькі камплектаў адзення. 

А ў савецкія часы адзенне для лялек не прадавалася асобна, дзяўчынкі шылі яго самі ці прасілі змайстраваць мамаў, бабуляў. У многіх былі дзіцячыя швейныя машынкі, дзве з якіх прадстаўлены на выстаўцы. Каштавалі яны па тых часах не мала – 7 рублёў 50 капеек, выраблены ў Оршы, на кожнай – знак якасці СССР, што для савецкіх цацак было нормай. Яны вырабляліся толькі з экалагічных матэрыялаў, адпавядалі самым строгім патрабаванням якасці, былі бяспечнымі і трывалымі. Не тое, што сённяшнія кітайскія, якія могуць зламацца ў першыя пяць хвілін пасля пакупкі…   

Хлопчыкаў, якія прыходзяць на выстаўку, не адарваць ад настольнага футбола. Гульня захавана ў выдатным стане, на адваротным баку пазначана цана – 5 рублёў 10 капеек.

- Яе збярог мой свёкар Віктар Мікалаевіч. Купляў яе сваім дзецям, якім цяпер ужо пад сорак. А калі дае пагуляць унукам, глядзіць, каб карысталіся акуратна, не зламалі, -- расказвае педагог-псіхолаг Вольга Малафей.

Упрыгожыў выстаўку і завадны робат з калекцыі Віктара Мікалаевіча, а таксама клавесін вытворчасці ГДР і цымбалы, пад струны якіх падкладзена кардонка з нотамі «Песні пра Ільіча». Дакранаешся да іх і атрымліваеш музычнае прывітанне з СССР.       

У дні зімовых канікулаў выстаўку наведалі вучні розных школ горада. Дырэктар музея расказвала ім пра самыя цікавыя экспанаты, дазваляла дакрануцца да іх адным пальчыкам, ды дзеці пра гэта папярэджванне, як правіла, забываліся: цацкі і гульні ажывалі ў іх руках і служылі па сваім прамым прызначэнні. Юла круцілася, неваляшкі звінелі, цымбалы і клавесін спявалі, футбалісты забівалі ў вароты гол…Вольга Аляксандраўна звяртала ўвагу юных наведвальнікаў на тое, якія мілыя, усмешлівыя тварыкі ў лялек, казачных персанажаў. Агульнае ўражанне падмацоўвала мультфільмам пра Вінні-Пуха, які, як аказалася, глядзелі далёка не ўсе дзеці. А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі маглі сфатаграфавацца ў вобразе пятачка – сімвала года: школьныя майстры стварылі для гэтага  фотазону.      

- Некаторыя экспанаты ў наш музей так і не трапілі. А ведаеце чаму? Настаўнікі, бацькі вучняў адшукалі старыя цацкі, адмылі іх, прывялі ў парадак. І яны так спадабаліся іх дзецям і ўнукам, што тыя не захацелі з імі расставацца, – з усмешкай расказвае Вольга Смалонская. -- Пераканана, што пасля выстаўкі ніводнай цацкі не застанецца. Гаспадары паглядзелі на іх зусім іншымі вачыма - як на цікавыя   музейныя экспанаты. І зразумелі, што праз столькі год яны сталі сапраўднай сямейнай рэліквіяй.

Чытаць 234 разоў

1