Ігар Арабей: «Мой дом - Савецкі Саюз…»

15 лютага – 30 гадоў з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

417 жыхароў Маладзечанскага раёна прайшлі дарогамі Афганістана.

10 маладзечанцаў загінулі ў Афганістане.

297 афганцаў жывуць сёння на Маладзечаншчыне.

87 воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна адзначаны баявымі ўзнагародамі.

Загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб узнагароджанні воіна-інтэрнацыяналіста, палкоўніка ў запасе, старшыні Савета Маладзечанскай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Ігара Арабея медалём «За працоўныя заслугі» быў падпісаны яшчэ восенню. У снежні ўзнагарода знайшла героя.

Адзіны. Народны

У Мінску ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання лепшых прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці з усёй краіны. Медалі ўручаў прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Наш зямляк адзначаны найперш за патрыятычнае выхаванне моладзі. Пятнаццаць гадоў ён кіруе музеем памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у СШ №14, які ў 2016-м атрымаў званне народнага і з’яўляецца адзіным такога кшталту ў раёне. Зрэшты, ва ўсёй сталічнай вобласці нямнога народных школьных музеяў: з 300 - усяго 12. Наш быў названы і адным з лепшых сярод гэтай катэгорыі.

Званне «народны» - вышэйшая ступень адрознення. Перш чым прысвоіць яе, дасканала вывучаецца дзейнасць музея, улічваецца колькасць арганізаваных мерапрыемстваў, сабраных экспанатаў, прафарыентацыйная работа, нарэшце, ці ёсць інтарэс у наведвальнікаў, і шмат іншага.

Ігар Арабей працягвае добрую справу свайго папярэдніка Георгія Койры, які таксама з’яўляецца воінам-інтэрнацыяналістам. На працягу сямі гадоў Ігар Ігнацьевіч узначальвае і раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

У імя міру на зямлі

Дарэчы, у далёкую краіну – у зону ваеннага канфлікту - ён трапіў, калі яму было 22 гады. Да гэтага ўсяго год адслужыў у Львове ў артылерыйскім палку. Ігар Арабей, які з дыпломамі з адзнакай закончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, з адказнасцю і самаадданасцю браўся за любую справу і кожную з іх лічыў высокім даверам.

- Магчыма, прагучыць з пафасам, але на чужую зямлю я, як і многія мае тагачасныя равеснікі, накіраваўся абсалютна перакананы ў тым, што неабходны там. Мы сапраўды гатовы былі аддаць жыццё ў імя міру на зямлі, - гаворыць Ігар Ігнацьевіч.

А на пытанне, дзе яго малая радзіма, ніколькі вагаючыся лаканічна адказвае: «Савецкі Саюз». Родам Ігар Арабей з Кареліі. Але, як бачна, жыццёвая дарога была звілістай і ўхабістай.

Годным сынам сваёй краіны ён быў і ў Афганістане. Узначальваў вартавую заставу баявой аховы, якая знаходзілася ў 11 кіламетрах ад Кундуза. У зоне ваеннага канфлікту Игар Арабей служыў амаль год. Адзінаццатага студзеня 1987-га ў чатырох кіламетрах ад названай заставы, выконваючы баявое заданне, разам з двума сваімі саслужыўцамі трапіў пад абстрэл. Неўзабаве стала вядома, што за праяўленую мужнасць ён удастоены ордэна Чырвонай Зоркі.

Доўга яму мроілася неймаверная афганская духата, стрэлы. Памятае ён, як адправілі на першае заданне, калі трэба было ўстанавіць агароджу ў непасрэднай блізасці ад міннага поля. Смак кіпячонай вады (іншую піць не дазвалялася), якая і не астывала ў пляшках. Смак тушонкі і кансерваў, што трэба было з’есці літаральна на працягу пяці хвілін, інакш на 40-50-градуснай спякоце прадукты псаваліся, ды сушанай бульбы. Свежай гародніны і садавіны там не было.Памятае таксама, як у хвіліны зацішша «круцілі» кінастужку «Афіцэры», якая і па сённяшні дзень застаецца яго самай любімай. Як пісалі пісьмы дамоў і чакалі адказаў.

- Толькі па перапісцы байцы маглі трымаць сувязь з радзімай, блізкімі людзьмі. Каб не патрывожыць іх, мы ніколі не скардзіліся на цяжкасці. Проста расказвалі пра быт, баявых таварышаў. Пісьмаў з дому мы чакалі больш чым, правізію. Іншым разам, чыталі іх услых па радыёсувязі, - успамінае Ігар Арабей.

Пасля ранення яму доўгі час давялося аднаўляць здароўе. Каб, найперш, вярнуцца да сваёй прафесіі – ваеннай справы, якой застаўся верным на ўсё жыццё. І нягледзячы ні на якія выпрабаванні, ён ні разу не пашкадаваў аб выбраным шляху.

І дадзена табе будзе

Сваю далейшую дзейнасць Ігар Ігнацьевіч, як гавораць, накіраваў у стваральнае русла. Быў ваенкомам у Бэраставіце, што на Гродзеншчыне, а таксама ў нашым горадзе.

Ужо шмат гадоў ён працуе ў педагогіцы, з’яўляецца актыўным членам нашага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, членам Савета арганізацыі па вытворчаму прынцыпу ўпраўлення па адукацыі. Ігар Ігнацьевіч ініцыіруе многія сумесныя (“Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і “Белая Русь”) праекты: шэсць памятных досак загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам на будынках школ, дзе яны вучыліся, былі адкрыты з іх удзелам; “Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў”, сумесныя “Вахты памяці” і многае іншае.

Ігар карпатліва займаецца музейнай працай. Сярод амаль тысячы экспанатаў ёсць асабліва яму дарагія. Гэта пісьмы, узнагародныя і іншыя дакументы, амуніцыя, асабістыя рэчы байцоў, за што ён вельмі ўдзячны ім і іх сем’ям, якія дапамаглі стварыць музейны фонд.

- Вельмі каштоўныя дакументальныя фотаздымкі. Гэта надзвычай рэдкі матэрыял, паколькі байцам не дазвалялася фатаграфаваць у зоне ваеннага канфлікту, але некаторыя ўсё ж ухітраліся, - заўважае субяседнік. - Наогул, многія экспанаты былі сабраны дзякуючы Віктару Шэйману. Ён таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. Калі мы звярнуліся да яго па дапамогу, Віктар Уладзіміравіч з’яўляўся Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. У выніку, далучыліся і Міністэрства абароны, шматлікія воінскія часці.

Ігар Арабей пакінуў у музеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і свой артылерыйска-стралковы блакнот. Ды яшчэ цэлы чамадан друкаванай прадукцыі пра Афганскія падзеі. Гэта перыёдыка выходзіла ў рознай мясцовасці на постсавецкай прасторы. Ён збіраў яе на працягу многіх гадоў.

Ёсць у школьным музеі і копіі фота- і відэахронікі тых далёкіх часоў, што ўдалося сабраць дзякуючы супрацоўніцтву з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотадакументаў у Дзяржынску. Ігар Ігнацьевіч стварыў і каманду юных пошукаўцаў, якія дапамагаюць адшукваць новыя звесткі, падтрымліваюць сувязь з сем’ямі афганцаў, а таксама праводзяць экскурсіі. За час існавання музея ў ім пабывалі больш за 53 тысячы наведвальнікаў. А за аснову яго работы і, у прыватнасці, асабістай дзейнасці Ігар Арабей узяў вядомы выраз: «Ідзі сам, дапамажы іншым - і дадзена табе будзе»…

Чытаць 177 разоў

1