У гонар памяці трэнера Анатоля Выгоўскага

Восьмы год запар на базе Бярэзінскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву праходзіць адкрыты абласны турнір па міні–футболе. Ініцыятарам спаборніцтваў выступіў адзін з таленавітых вучняў трэнера, яго дастойны паслядоўнік Сяргей Булойчык.

- Першы турнір быў наладжаны ў 2012 годзе, - зазначае сённяшні футбольны трэнер спартыўнай школы, - і сабраў 8 каманд з ліку юнакоў 2000 года нараджэння, а сёння ўжо ў склад удзельнікаў футбольных матчаў уваходзяць аматары скуранога мяча адразу дзвюх узроставых груп 2005-2006 і 2007-2008 гадоў нараджэння з 13 каманд горада Мінска і Мінскай вобласці. Папулярнасць турніру расце з кожным годам, а падкупляюць вядучых трэнераў спартыўных школ алімпійскага рэзерву і будучых беларускіх футбольных зорак выдатная арганізацыя мерапрыемства, шыкоўныя ўмовы, атмасфера барацьбы на пляцоўцы і, вядома, шчодрыя прызы і грашовыя прэміі ігракам ад арганізатараў і спонсараў.

Вучань Анатоля Выгоўскага высока трымае марку педагагічнага майстэрства і бездакорнай любові да футбола. Сёлета яго гадаванцы 2005-2006 гадоў нараджэння не пакінулі ніводнага шанцу сваім сапернікам і не прапусцілі ніводнага мяча ў свае вароты. Яны бліскуча і з пераканаўчым лікам выйгралі ва ўсіх каманд сваёй групы і занялі першае месца. Другімі сталі чэрвеньскія футбалісты, а трэцімі – юнакі са Смалявіч.

Ва ўзроставай групе юнакоў 2007-2008 гадоў нараджэння не было роўных па майстэрству і ўдачлівасці смалявіцкай камандзе. Яна гучна святкавала сваю “вікторыю”. Крыху не пашанцавала на турніры футбалістам Дзяржынскага раёна. Яны занялі другое месца. На трэцяй пазіцыі размясцілася каманда “Гарадзея” Нясвіжскага раёна.

Шчыра вітала ўсіх удзельнікаў турніру, уручала медалі і кубкі пераможцам начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова.

- Шчыра спадзяюся, што адкрыты турнір у гонар памяці трэнера А. Выгоўскага ў гэтым годзе набыў яшчэ большую папулярнасць сярод футбольных трэнераў і юных футбалістаў вобласці, - гаварыла яна. – Хтосьці абмяняўся вопытам з калегамі, а нехта ўпершыню быў прызнаны лепшым іграком і знайшоў новых сяброў. Няхай гэтыя станоўчыя эмоцыі не пакідаюць вас да наступнага турніру.

Даведка. А.С. Выгоўскі нарадзіўся 1 кастрычніка 1941 года ў Брэсце. Скончыў Пагосцкую СШ Бярэзінскага раёна, далей вучыўся ў Мінскім кааператыўным тэхнікуме, дзе атрымаў прафесію таваразнаўца і званне майстра спорту па лёгкай атлетыцы. У 1969 годзе ён набывае спецыяльнасць настаўніка фізічнай культуры ў Гомельскім педагагічным універсітэце. Працуе трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Слаўгарадзе, інструктарам у Магілёве, настаўнікам фізічнай культуры ў сельскай школе. У 1987 годзе А.С. Выгоўскі вяртаецца ў Бярэзінскі раён і працуе трэнерам па футболе ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Памёр А.С. Выгоўскі 6 красавіка 2007 года.

Чытаць 214 разоў

1