Па ўсёй краіне прайшла рэспубліканская акцыя “Кірмаш вакансій”

Нядаўна па ўсёй краіне прайшла рэспубліканская акцыя “Кірмаш вакансій”. У Валожыне мерапрыемства ў яе рамках прымеркавалі да чарговага пасяджэння пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Акрамя членаў камісіі, якія прадстаўляюць раённыя службы, да ўдзелу былі запрошаны спецыялісты па кадрах арганізацый, дзе адчуваецца кадравы голад. Напрыклад, Вольга Анатольеўна Дацык прадстаўляла ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Яна патлумачыла: прадпрыемству патрабуюцца людзі на рабочыя спецыяльнасці, а таксама бухгалтар і інжынер. Кадравік СГУ “Бабровічы” УП “Мінскалбгаз” Аляксандра Аляксандраўна Стаянава гатова была запрасіць на працу аж 17 чалавек – жывёлаводаў, механізатараў, і спецыялістаў розных сельгасспецыяльнасцей. За рабочай сілай прыйшлі і з Валожынскага жылкамунгаса, КСУП “Сакаўшчына-агра”, ДРБУ № 167, Валожынскай ЦРБ, райспажыўтаварыства, вузла паштовай сувязі. Усяго ж апошнім часам у цэнтры занятасці налічваецца больш за дзве сотні вакансій.

Жадаючых заняць прапанаваныя працоўныя месцы ў гэты дзень прыйшло дванаццаць чалавек. Вырашылі пытанне працаўладкавання з дапамогай камісіі сямёра, адзін зарэгістраваўся як беспрацоўны. Некалькі візіцёраў з’явіліся з дакументамі, каб пацвердзіць занятасць у эканоміцы – мужчыны працуюць у Расійскай Федэрацыі. Электрыкам папоўніўся калектыў КСУП “Сакаўшчына-агра”, дарожным рабочым – ЖКГ, бухгалтарам – ДРБУ № 167. У Лоск накіравалі мужчыну, які пажадаў працаваць пастухом. Маладая жанчына набыла работу ў прыватным прадпрыемстве, што набірае людзей на ўборку вахтавым метадам. Яшчэ чатыром наведвальнікам аказана кансультацыйная дапамога, адзін, літаральна на заўтра, аформіўся ў якасці рамесніка – плануе займацца роспісам па дрэве.

Члены камісіі зацвердзілі пратакол на пацверджанне занятасці шасці грамадзян, якія прадаставілі адпаведныя дакументы. Была разгледжана сітуацыя з плацельшчыкамі, што не жадаюць працаўладкоўвацца, таму далі згоду на аплату за водазабеспячэнне з поўным пакрыццём затрат.

Чытаць 111 разоў

1