Дзяцінства, украдзенае вайной

Валянціну Пракопаўну ПАЎЛОЎСКУЮ на Валожыншчыне ведаюць як выдатнага прафесіянала-медыка. Шмат гадоў інтэлігентная, адукаваная жанчына лячыла жыхароў Ракава і навакольных вёсак. Не аднойчы яна пісала для нашай газеты. Таленавіты ўрач, сапраўдная прыгажуня, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй праз усё жыццё пранесла любоў і спагаду да людзей. Выглядае яна значна маладзей за свае гады, а, між іншым, яе лёс страшным полымем апаліла Вялікая Айчынная вайна.

Жыццё В. П. Паўлоўскай пачалося на Магілёўшчыне. Бацькі былі сялянамі, але досыць адукаванымі. Тата, паважаны чалавек, камуніст, займаў пасаду ў сельсавеце. Валя і яе сястра вучыліся ў школе. Пра тое, што хутка распачнецца вайна, дзяўчынкі разам з іншымі дзецьмі даведалася яшчэ да яе абвяшчэння. За іх вёскай было мноства хутароў. Большасць пуставалі – людзі перасяліліся ў вёску. Але дзве бабулі да іх не далучыліся. Яны не прызнавалі савецкую ўладу, таму жылі пустэльніцамі. Аднойчы дзіцячая кампанія падчас забаў досыць блізка наблізілася да адзінокай хаціны. Раптам пачулі нейкі гук – нібыта стрэл, толькі больш глухі, і па наваколлі распаўзлася нейкая белая субстанцыя – накшталт густога туману. З дому выйшлі бабулі, яны супакоілі дзяцей, сказалі, каб тыя беглі дадому. Раптам адна дадала: “Гэта знак вам. Хутка будзе вайна…”. Ішоў 1940-ы год. Праз пэўны час стала вядома: старыя хавалі нямецкіх дыверсантаў, а “туманам” тыя хацелі прагнаць дзяцей, каб яны не заўважылі чагосьці падазронага.

У 1941 годзе бацьку забралі ў армію. Ужо на фронце высветлілася, што мужчына моцна хворы. Яго камісавалі, але сям’я дадому кармільца не дачакалася. Ён атрымаў загад накіравацца на Урал, дзе належала ўзначаліць работу па нарыхтоўцы зерня і не дапусціць порчы стратэгічнага запасу хлеба для фронта. Калі родную вёску Валянціны занялі немцы, знайшліся людзі, якія моцна жадалі, каб прадстаўнікі “новага парадку” разабраліся з сям’ёй партыйца, пісаліся даносы. Але нічога не адбылося, іх не кранулі.

Жанчына выдатна помніць, як спачатку адступалі нашы, пасля – немцы. Іх населены пункт фашысты з-за добрага геаграфічнага становішча абралі плацдармам для абароны. Людзей ганялі будаваць бункеры, бліндажы. Паўз вёскі праходзілі тры лініі акопаў. Далей – калючы дрот і замініраванае поле… Над вёскай быццам навіслі трывога і прадчуванне бяды. Жудасныя падзеі не заставілі сябе чакаць. У адзін з дзён паліцай конна аб’ехаў двары і папярэдзіў: “Вёска будзе спалена. На тое, каб сабрацца і пакінуць хаты – дзве гадзіны”. Што тут пачалося! Людзі, у асноўным жанчыны, дзеці і састарэлыя, з плачам хапалі рэчы, цягнулі на вяроўках жывёл, нейкі скарб спяшаліся закапаць. Расходзіліся хто куды, шукалі прытулку ў радні, чужых людзей, у лесе. Апошнія ўсе загінулі пад кулямётным агнём…

Сям’я гераіні аповеду прыстала да невялічкай групы, што накіроўвалася ў бок Шклова. Начавалі ў стозе. Тут іх і знайшлі немцы. Брудных, мокрых доўга вялі па дарогах. У Шклове раскідалі па дамах, назаўтра – на работу. Выдалі лапаты, шуфлі. Кожнаму намералі мятраж – капайце! Кармілі ячным хлебам, які нагадваў спрасаванае пілаванне. Праз пэўны час – зноў пераход. Пагналі ў Барысаў. На ўсё жыццё запомнілася вялікае гумно з масай людзей – дарослых і дзяцей. У адным з вуглоў – хворыя на тыф. Здагадкі, што ўзнікалі ў людзей, – адна страшнейшая за іншую. Што здарылася са старымі і знясіленымі, Валянціна не ведае. Іх жа, маладых і здаровых, пасадзілі на кузавы машын і перавезлі ў лагер. Шэсць месяцаў працавалі ў лесе. Мужчыны спілоўвалі дрэвы, жанчыны і дзеці абсякалі голле. У адзін з дзён іх павезлі на станцыю.

Далей была Германія. Лагер, куды трапілі вязні з Беларусі, размяшчаўся ў горадзе Рагенсбург (Баварыя). Вакол – калючы дрот, ахоўнікі. Жылі ў бараках. Працаваць ганялі на ваенны ліцейны завод. Побач – французы, італьянцы. Сапраўдны інтэрнацыянал. Сказаць, што было цяжка, – не сказаць нічога. Тых, хто не падпарадкоўваўся, асабліва хлопцаў, білі…

У 1944 годзе ў горад увайшло адно са злучэнняў французскай арміі. Нямецкія ваенныя аддалі горад без баёў – проста хутка пакінулі яго. Вязні, атрымаўшы свабоду, разгубіліся. Але пра іх паклапаціліся збавіцелі. У горадзе Фрыдрыхштадт размясціўся часовы лагер для славян – былых вязняў. Ахоўнікі, відаць, з’яўляліся амерыканцамі, многія мелі цёмны колер скуры. Людзі сядзелі без работы, але паступова жыццё ў лагеры наладзілася. Кожнаму падбіралі занятак па спецыяльнасці. Урачы лячылі людзей, настаўнікі арганізавалі школу… Рускія, украінцы, беларусы, палякі, балгары не заўважалі моўнага бар’еру, нават усе разам спявалі гімн СССР. З Германіі беларусаў перавезлі ў Калінінград, і толькі восенню 1945 года Валянціна з матуляй і сястрой вярнуліся на радзіму.

Дома – папялішча. Бацька прыехаў значна пазней. Жылі ў суседзяў, спачатку пабудавалі зямлянку, пасля хтосьці аддаў ім старую лазню. Самі разабралі, перавезлі. Так і перазімавалі. Людзі ў той час дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся апошнім. Талакой будавалі дамы. Вясной разам апрацоўвалі зямлю. Жанчыны, дзеці па 10-12 чалавек упрагаліся ў плуг…

Толькі праз год дзяўчына пайшла ў школу. Ёй было ўжо 14 гадоў. Вучыцца хацелася, тым больш, што здольнасці мела добрыя. “Я, будучы падлеткам, паспела так напрацавацца, што марыла абавязкова атрымаць інтэлігентную спецыяльнасць. Каб не натруджваць рукі, спіну. У газетах пісалі, што краіне патрэбны ўрачы, а ў мяне на выдатна ішлі хімія, біялогія. Ды і настаўнікі бачылі мяне медыкам”, – успамінае В. П. Паўлоўская.

Школу яна скончыла з залатым медалём. Паступіла ў Мінскі медінстытут. Гады вучобы ўспамінае з цяплом. На дварэ стаялі 50-я гады – лепшы час у яе жыцці. Па ўсіх дысцыплінах паспявала, стыпендыі хапала на жыццё, тэатры, танцы. Атрымаўшы дыплом, працавала тэрапеўтам на Магілёўшчыне, пасля ў Мсціславе, дзе займела кваліфікацыю акушэра-гінеколага. Парадзіх шмат, а ўрач адзін – цяжка… У той час жанчыны на ўлік не ставіліся, даследаванні не праводзіліся. Часта роды праходзілі са складанасцямі. Але гэта быў каштоўны вопыт.

Маладая жанчына выйшла замуж. Муж Міхаіл Мікалаевіч працаваў у райкаме партыі. У пары нарадзіліся два хлопчыкі. Пазней сям’я пераехала ў Ракаў. Тут Валянціна Паўлоўская працавала ўрачом-інфекцыяністам, затым – намеснікам галоўнага ўрача, а пасля – загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення. На пенсію паважаная жанчына, якая выратавала не адно чалавечае жыццё, пайшла ў 73 гады!

Сама Валянціна Пракопаўна лічыць, што цяжкасці, перанесеныя ў дзіцячым і падлеткавым узросце, загартавалі яе волю. Ёй заўсёды здавалася, што страшней за тое, што давялося перажыць у 40-я гады, нічога быць не можа. “Калі над галавой мірнае неба, родныя і сябры побач, ёсць любімы занятак, – хіба ж гэта не шчасце?” – разважае былы малалетні вязень. Вайна ўкрала яе дзяцінства, падарвала здароўе, таму жанчына ўпэўнена: дапусціць яе паўтор – злачынства. Усё жыццё яна марыла пра тое, каб назаўсёды з планеты знікла зброя, а людзі нарэшце прыйшлі да згоды і шчыра, па-хрысціянску, любілі адзін аднаго.

Чытаць 179 разоў

1