Маршрут міласэрнасці

Менавіта так я назвала для сябе ўжо традыцыйныя паездкі прадстаўнікоў раённага Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам старшыні Святланы Лях у Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і ў Іжскую бальніцу сястрынскага догляду.

На працягу ўжо доўгага часу некалькі разоў у год выязджаюць нераўнадушныя віляйчане, каб падарыць людзям, для якіх па волі лёсу названыя ўстановы сталі родным домам і сям'ёй, душэўную цеплыню, увагу, светлыя ўражанні і падарункі. І тут, у Куранцы і Іжы, заўсёды чакаюць гарадскіх гасцей, якія за многія гады сяброўства сталі ўжо  нібыта роднымі для насельнікаў дома-інтэрната і бальніцы.

На днях гараджане зноў накіраваліся па знаёмым маршруце міласэрнасці, каб сустрэцца з нямоглымі людзьмі, павіншаваць іх са светлым  Вялікаднем, падарыць святочны настрой і падарункі (за іх трэба падзякаваць Вілейскаму філіялу Маладзечанскага малочнага камбіната  і Ганне Калядовай, дырэктару прыватнага ўнітарнага прадпрыемства  "Дзіаланна"). І ў Куранцы, і ў Іжы на прывітанне  прыезджых "Хрыстос уваскрос!" прагучала шматгалосае "Сапраўды ўваскрос!". А затым пачалося сапраўднае свята, удзельнікамі якога былі літаральна ўсе, хто знаходзіўся ў зале. Гучалі вясёлыя песні ў выкананні валанцёраў Чырвонага Крыжа Зінаіды Крупскай і Аляксея Камінскага; за душу брала ігра віртуоза-цымбаліста Івана Валынца, які па благаславенні настаяцеля храма Прасвятой Багародзіцы айца Вячаслава ўжо ў другі раз выязджае на гэтыя сустрэчы. Цымбалы і баян – гэта тыя музычныя інструменты, якія вярнулі немаладых насельнікаў дома-інтэрната і бальніцы ў далёкія гады іх маладосці, кранулі самыя светлыя і патаемныя  струны душы, усхвалявалі да слёз. І яны, настальгічна-светлыя слёзы, былі...

Надзвычайна цёплымі і добрымі атрымаліся гэтыя сустрэчы. Урэшце, як і заўсёды. І традыцыйна сямейнымі, бо сустракаліся людзі, вельмі блізкія адно аднаму. А таму развітвацца вельмі не хацелася. Ды нічога не зробіш – любая справа, нават самая жаданая і добрая, некалі заканчваецца... Вось і ў гэтых цёплых сустрэч былі фіналы, завяршаючым акордам якіх прагучала ўжо звыклае: "Калі прыедзеце зноў? Мы вас вельмі чакаем!".

Чытаць 111 разоў

1