Гэта трэба не паўшым, гэта трэба жывым

Салдацкія могілкі каля вёскі Дзясятнікі сталі месцам апошняга прытулку для воінаў Першай сусветнай вайны. Ляжаць тут немцы, аўстрыйцы, палякі, рускія. Спецыяльныя санітарныя брыгады збіралі ўсіх забітых падчас бою і хавалі побач. Па смерці няма ворагаў… Знакам прымірэння стаў і надпіс у падножжа крыжа: “Тут пахаваны салдаты – ахвяры Першай сусветнай вайны”.

У 1922 годзе палякамі на нямецкія грошы могілкі прыведзены ў парадак і трапляюць у рэестр пад нумарам 361. І гэта адзіныя ваенныя могілкі часоў Першай сусветнай у Беларусі, якія маюць такое дакументальнае пацвярджэнне. Магчыма таму, што з’яўляюцца самымі вялікімі – больш за 800 магіл. Цікава, што тут пахаваны нехта Бяртольд Шварц. Яго поўны цёзка, нямецкі манах-францысканец, жыў у XIV стагоддзі і лічыцца еўрапейскім вынаходнікам пораху…

Напрыканцы 1919 года на Нямеччыне ствараецца новая грамадская арганізацыя – Народны саюз Германіі, мэта якой – клопат пра магілы паўшых воінаў. З 1954 года ўрад ФРГ падтрымаў ініцыятыву арганізацыі ў пошуках ваенных могілак за мяжой. Пачынаючы з 1990 года, полем дзейнасці Народнага саюза сталі і краіны Усходняй Еўропы, дзе пад час Другой сусветнай вайны загінулі каля 3-х мільёнаў нямецкіх ваеннаслужачых – гэта ўдвая больш, чым на Заходніх франтах.

Народны саюз арганізуе паездкі, маладзёжныя лагеры, заахвочвае людзей рознага ўзросту даглядаць салдацкія могілкі пад лозунгам “Прымірэнне над магіламі – работа ў імя міру”. Зараз арганізацыя налічвае больш за 400000 актыўных членаў і на 75 працэнтаў спансіруецца за кошт узносаў, ахвяраванняў, спадчынных даходаў і завяшчанняў, а таксама ад дабрачынных збораў, якія адзін раз у год паступаюць ад простых немцаў. Рэшту расходаў бярэ на сябе федэральны бюджэт.

Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ і фонду Міру члены гуманітарнай арганізацыі Народнага саюза працавалі ў Маскве, Рызе, Румыніі і іншых мясцінах, а сёлета завіталі на Валожыншчыну, дзе цэлы тыдзень прыводзілі ў парадак ваенныя могілкі каля Дзясятнікаў. У групе – шэсць хлопцаў з нямецкага горада Расток і дзевяць навучэнцаў Брэсцкага політэхнічнага каледжа.

Дарэчы, апошняе капітальнае аднаўленне гэтага пахавання адбывалася 20 гадоў назад. Аб’яднаная група дабравольцаў працавала ад цямна да цямна: рамантавалі агароджу, ачышчалі ад моху надмагільныя пліты, пакрывалі сцены ратонды спецыяльнымі хімікатамі, якія засцерагаюць кладку ад разбурэння. Асабліва давялося “папацець” пры рэстаўрацыі галоўнага сімвала – арла. Шматтонны гігант стагадовага ўзросту значна здаў за апошні час: з’явіліся трэшчыны, куды трапляла дажджавая вада і “тачыла” камень. Як запэўніў куратар праекта Хольгер Хагэман, пасля аднаўленчых работ арол значна акрэп і гатоў з ранейшай пільнасцю ахоўваць пакой тых, хто навек застаўся на чужыне.

Пра міжнародны працоўны дэсант прасілі напісаць у нашай газеце жыхары Дзясятнікаў, Багданава. А яшчэ людзі выказвалі надзею, што некалі і ў нас з’явяцца дабрачынныя арганізацыі па доглядзе за брацкімі магіламі савецкіх воінаў-вызваліцеляў за мяжой.

…Пакідаючы Валожыншчыну, валанцёры шчыра дзякавалі гаспадарам аграсядзібы “Бацяны” Таццяне і Уладзіміру за прытулак. Шматлікая, рознаўзроставая і разнамоўная група пражывала з камфортам, са снеданнем, абедам і вячэрай замінак не адбывалася. А сельская цішыня і маляўнічая прырода спрыялі добраму адпачынку пасля цяжкай працы.

Чытаць 173 разоў

1