У Валожынскім раёне прайшоў рэгіянальны конкурс «Зямля і неба Фердынанда»

18 мая ў дзявяты раз прайшоў рэгіянальны конкурс «Зямля і неба Фердынанда». На бацькаўшчыну Фердынанда Рушчыца прыехалі юныя мастакі з Валожыншчыны, Мінска і Міншчыны, Літвы і Польшчы. Амаль сотню гасцей сустрэла вёска Багданава, у ваколіцах якой чэрпаць натхненне можна бясконца – настолькі тут непаўторныя краявіды!

Сёлета надвор’е трымала інтрыгу да апошняга моманту: дождж і непагадзь адступілі раптоўна, за адну ноч. У дзень мерапрыемства сонца засвяціла з рання, а майская лістота, шчодра ўмытая навальніцай, радавала маладой зеленню. Не дзіва, што зялёныя фарбы сталі ў канкурсантаў фаварытамі. Як адзначыў старшыня журы прафесар акадэміі мастацтва Я. Ф. Шунейка, гэты колер настолькі багаты адценнямі, што дазваляе жывапісцу перадаць на палатне розныя пачуцці, настрой. Пленэр жа менавіта і ставіць мэтай развіццё творчых здольнасцей, выхаванне мастацкага густу, “шліфоўку” тэхнікі і майстэрства. Для таго, каб гэта ўсё ажыццявілася, арганізатарам мерапрыемства (аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ДУА “Вішнеўская дзіцячая школа мастацтваў”, раённаму аддзяленню ГА “Польска мацеж школьна на Беларусі”) давялося правесці вялікую падрыхтоўчую работу. Справіліся ўдала: госці мелі магчымасць і тварыць, і адпачыць. А яшчэ кожны ўдзельнік пленэру атрымаў у падарунак фірменную бейсболку, кубак, альбомы для малявання, алоўкі, фарбы.

Згодна з раскладам, старт мерапрыемству дала ранішняя служба ў касцёле Св. Міхала. Затым сабраныя рушылі да месца апошняга спачыну Рушчыца. Здаецца, што тут, у цяні разложыстых дрэў, воддаль ад сучасных камунікацый, застыў час. Чыстае неба, яркае сонца, майскія фарбы – гэта калісь прымушала нашага славутага земляка станавіцца да мальберта. Яго сучасныя паслядоўнікі таксама доўга не вагаліся з выбарам месца для работы. А часу ім адводзілася не так і шмат – карціну неабходна было напісаць за чатыры гадзіны.

Найчасцей канкурсанты імкнуліся перадаць хараство навакольнай прыроды, панараму вёскі, рэшткі сядзібы Рушчыцаў, новага касцёла. Да фінішу ўсе дабраліся згодна з раскладам, а вось журы прыйшлося браць дадатковыя хвіліны, каб справіцца са сваёй работай. Ацэньваць юныя таленты выпала прафесару Яўгену Шунейку, мастаку Уладзіміру Сайко, настаўніцы Але Макарэвіч. Прыемна, што заслужаныя “лаўры” атрымалі і нашы землякі. Так, у малодшай групе першае месца прысуджана вучаніцы Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Валянціне Кулік (настаўніца Алена Уладзіміраўна Мурашова). Асабіста мяне вельмі ўразіла работа вучня Гародзькаўскага філіяла Валожынскай ДШМ Антона Гнілазуба (настаўніца Дзіяна Віктараўна Каваленка). Хлопчык стаў бронзавым прызёрам сярод малышоў. Дарэчы, гэта адзіны прадстаўнік “моцнай” паловы чалавецтва, якому ўдалося падняцца на пераможны п’едэстал, бо астатнія прызавыя прыступкі занялі дзяўчаты.

Работы з пленэру папоўняць экспазіцыю музея Фердынанда Рушчыца і будуць выкарыстоўвацца для разнастайных выстаў, лекцый, дакладаў.

Развітанне – яшчэ адзін важны момант кожнага мерапрыемства. Тое, што ўдзельнікі раз’язджаліся па дамах у добрым настроі, вялікая заслуга гаспадароў – культработнікаў з Багданава. Упэўнена: пленэр будзе заваёўваць папулярнасць як у навучэнцаў школ мастацтваў, так і ў прафесіянальных мастакоў. Убачым гэта на будучы, юбілейны год.

Чытаць 173 разоў

1