У Івянцы прайшоў конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага

У апошнім месяцы вясны ў Івянцы традыцыйна праходзіць адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага. У гэтым годзе ён адбыўся ў пяты раз. Юбілейную падзею адзначылі 17 мая.

100 удзельнікаў з усёй Мінскай вобласці – выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў – сабраліся, каб паказаць свае таленты і ўменні. Маленькія музыкі і спевакі выступалі на дзвюх пляцоўках: на сцэне Івянецкага дома культуры і ў зале Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў. У склад журы ўвайшлі педагогі Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага і Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі.

З прывітальным словам да гасцей звярнулася Ядвіга Паплаўская. У яе не атрымалася прысутнічаць, таму народная артыстка запісала відэазварот з пажаданнямі поспехаў, адзначыла, што ўсе ўдзельнікі конкурсу ўжо з’яўляюцца пераможцамі.

Атмасфера хвалявання лунала па-за сцэнай і ў калідорах, але хлопцы і дзяўчаты паказалі свой прафесіяналізм падчас выступленняў, і кожны атрымаў медаль і падзяку за ўдзел. Журы правяло складаную работу, каб выбраць лепшых.

Гран-пры конкурсу-фестывалю ў намінацыі “Інструментальны ансамбль (малодшая група)” атрымаў дуэт Канстаціна Ячмянёва і Ягора Борыса з Мінска, а ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (сола)” – Ксенія Станько са Стоўбцаў. Прадстаўнікі нашага раёна таксама прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Ракаўчанка Карына Жыбуль заняла першае месца і стала лепшай вакалісткай у старэйшай групе, а сярод спевакоў малодшай узроставай катэгорыі выдатна выступілі выхаванкі Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў: на п’едэстал узышла Ульяна Супрановіч, а трэцяе месца заняла Софія Марына. Канцэртмайстар вышэйназваных дзяўчат – Алена Гапановіч – была адзначана дыпломам за высокае прафесійнае майстэрства, яе праца ўразіла членаў журы. У намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (старэйшая група)” трэцяе месца заняла вучаніца Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Фёдарава, Валянціна Кулік з Дораў таксама стала трэцяй у гэтай намінацыі, але ў малодшай групе.

Чытаць 169 разоў

1