«Жывая класіка» на Міншчыне. Высветліліся пераможцы абласнога этапу конкурса юных чытальнікаў

У абласным этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме» ўдзельнічалі каля ста вучняў Міншчыны.

Спаборніцтва праводзілася ў чатырох узроставых катэгорыях. Аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава, ацэньвала выбар твора выступаючымі, глыбіню іх пранікнення ў вобраз і сэнс, а таксама артыстызм выканання.

Складаней за ўсё было вызначыць пераможцу і прызёраў у самай малодшай групе (1–4-я класы): такой высокай атрымалася канкурэнцыя! Толькі па дадатковых балах дыплом 1-й ступені атрымаў вучань Уздзенскай СШ №2 імя Кандрата Крапівы Станіслаў Рабіцкі. Ён па-даросламу пранікнёна прочытаў верш «Я малады» Алеся Дудара, паэта с трагічным лёсам. Журы конкурсу, у тым ліку аўтар гэтых радкоў, былі вельмі ўражаны выступленнем вучаніцы 9-га класа СШ №6 Салігорска Анастасіі Астапені і не сумняваючыся аддалі ёй свае галасы. У Анастасіі атрымалася перадаць унутраныя перажыванні і пачуцці маці і салдацкай удавы. Эмацыянальнае чытанне балады Янкі Сіпакова «Сяўба» знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў, выклікала нават слёзы ў некаторых з іх.

Як пазней прызналася Анастасія на цырымоніі ўзнагароджання, яна хоча стаць актрысай. Што ж, гэтая перамога толькі надасць дзяўчыне ўпэўненасці на шляху да сваёй запаветнай мары!

У дзвюх іншых узроставых катэгорыях перамаглі Раман Карага з СШ №9 Жодзіна за майстэрскае выкананне твора Уладзіміра Карызны «Дзіўныя чаравікі» і Глеб Маісеенка з Азярцоўскай СШ Мінскага раёна за верш «Доктар Нос» Васіля Віткі.

Пераможцы абласнога этапу прадставяць Міншчыну на рэспубліканскім конкурсе юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме» ў Дзень беларускага пісьменства.

Чытаць 168 разоў

1