Сясцёр міласэрнасці ўшаноўвалі ў Мастацкім музеі

У Нацыянальным мастацкім музеі пачалася мастацка-гістарычная выстава «Місія міласэрнасці», прысвечаная медыцынскім сёстрам і прымеркаваная да 55-годдзя медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Прадстаўлены карціны беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, экспанаты Музея гісторыі медыцыны Беларусі, а таксама архіўныя дакументы і фатаграфіі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

У адкрыцці выставы прымалі ўдзел міністры аховы здароўя і інфармацыі Валерый Малашка і Аляксандр Карлюкевіч, сенатар Віктар Сірэнка, Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, якая, у прыватнасці, адзначыла: «Дзейнасць сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі пачалася яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны беларускі Чырвоны Крыж падрыхтаваў дзясяткі тысяч медсясцёр. Яны дапамагалі хворым і параненым на палях бітваў, у шпіталях, у партызанскіх атрадах. У пасляваенны перыяд медыцынскія сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа сталі надзеяй і апорай ветэранам і інвалідам вайны. У 1964 годзе была сфарміравана медыка-сацыяльная служба Беларускага Чырвонага Крыжа, работнікі якой па цяперашні час даглядаюць за адзінокімі пажылымі і цяжкахворымі людзьмі».

З кароткім экскурсам у гісторыю выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў прафесар Ігар Марзалюк: «Чырвоны Крыж на белым - гэта сімвал гаспітальераў. Гэта была іх місія - лячыць людзей бясплатна, бо міласэрнасць - гэта тое, што робіцца ад душы, ад сэрца. 1867 год - гэта час, адкуль пачаўся адлік гэтай службе на нашай зямлі. Яшчэ Магдалена Радзівіл была і фінансава, і асабіста датычная да гэтага руху».

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч прэзентаваў выдатнае выданне аб сёстрах міласэрнасці, міністр аховы здароўя Валерый Малашка ўручыў узнагароды сёстрам міласэрнасці, у тым ліку – Тамары Беразоўскай, якая больш за сорак гадоў служыць людзям у Старых Дарогах.

Арганізатар мерапрыемства - Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пры падтрымцы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.

Чытаць 416 разоў

1