Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці запрашае на дзве унікальныя выставы

«Таямнічы рушнік. Са збораў музея ў Бельску-Падляшскім» - выстава распавядае пра мясцовы этнаграфічны брэнд – Падляшскі ручнік, дэманструе яго разнастайнасць, тэхнікі стварэння і дэкарыравання, кампазіцыйныя асаблівасці дэкору. Майстэрства вырабу ручнікоў перадавалася з пакалення ў пакаленне. Пад уплывам гістарычнага кантэксту тэхналогіі мяняліся, змянялася аздабленне ручнікоў. Іх выкарыстанне ў народных традыцыях і абрадах дазволіла даволі добра захаваць самі ручнікі ў сем’ях мясцовых жыхароў. Дзякуючы беражліваму стаўленню і крапатлівай працы супрацоўнікаў музея, сціплы Падляшскі ручнік становіцца мясцовым брэндам, шырока ўключаецца ў адукацыйную і культурную дзейнасць. Выстава праходзіць пры падтрымцы Інстытута Польскага ў Мінску.

«Святло у маіх далонях»: выстава прыватнай калекцыі велікодных яек розных краін свету Любові Шалкоўнікавай (Расія) пачала стварацца пасля І міжнароднай выставы «Святло ў маіх далонях», якая прайшла ў Маскве некалькі гадоў таму. На выставе было прадстаўлена больш за 1000 яек, выкананых у розных тэхніках: ад «шкробанак» і «васкаванак» да інкруставаных саломкай дэкаратыўных вырабаў. Сама Любоў прафесійна займаецца пісанкай як майстрыха каля 10 гадоў. Да вялікоднай пісанкі з дзяцінства мае асаблівае стаўленне. У калекцыі зараз захоўваюцца яйкі з Расіі (Курская вобласць), Украіны (гуцульскія, палтаўскія пісанкі), Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Малдовы. Таксама прадставяць свае работы і майстры з іншых рэгіёнаў Расіі, гарадоў Яраслаўля, Навасібірска, Каўрова і інш.

На выставе таксама прадстаўлены беларускія пісанкі з калекцыі майстра Вольгі Хачковай: копіі гродзенскіх традыцыйных пісанак, керамічныя яйкі-бразготкі (майстар Мікалай Стрэльчанка) – рэканструкцыі керамічных яек ХІІ ст.  Аўтарскія рэканструкцыі керамічных бразготак прадстаўляе і народны майстар Рэспублікі Беларусь Мікалай Пратасеня.

Традыцыйную беларускую і сучасную аўтарскую пісанку і шкробанку прадстаўляюць творы майстроў Вольгі Хачковай (г. Мінск), Марыны Вакульчык (Народны майстар РБ, Любанскі раён), Алены і Марыі Кісялёвых (г. Вілейка) і інш.

Метадыст цэнтра Наталля Сухая запрашае ўсіх не толькі на гэтыя выставы, але і на майстар-клас 2 чэрвеня а 14ай гадзіне  – яго правядзе сама Люба Шалкоўнікава. 

Чытаць 101 разоў

1