Прайшоў фестываль “Велікоднай радасці ззянне”

Наладжаны ён быў упершыню па ініцыятыве раённага цэнтра культуры пры актыўнай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Нікольскага храма. Велікодны фестываль, сапраўды, стаў значнай падзеяй у жыцці бярэзінцаў. Яны атрымалі яшчэ адну магчымасць адзначыць галоўнае хрысціянскае свята, вымавіць словы “Хрыстос ўваскрэсе!” і атрымаць водгук “Сапраўды ўваскрэсе!”.

Яшчэ 40 дзён пасля Вялікадня гучыць гэтае святочнае прывітанне, а вернікі працягваюць частавацца кулічамі, фарбаванымі яйкамі, дзейнічае звычай пускаць людзей на калакольні і дазваляць ім пазваніць у званы. Менавіта гэты звон нагадвае вернікам аб важнасці падзеі ­ Уваскрэсення Хрыстова, якое з’яўляецца асновай усяго Хрысціянства.

Дакрануцца да гэтага цудадзейнага дзейства змаглі і бярэзінцы. Ужо з самай раніцы на цэнтральнай плошчы наладзілі выставу­кірмаш работ майстроў дэкаратыўна­прыкладной творчасці ”Велікодны дар”. Тут былі прадстаўлены святочныя сувеніры, вырабленыя рукамі работнікаў сельскіх дамоў культуры і тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Набыць іх пажадала мноства ўдзельнікаў фестывалю, якія пакінулі на памяць аб ім рознакаляровыя яйкі, фігуркі герояў біблейскіх сюжэтаў і патрэбныя ў побыце дробязі.

Для тых жа, хто сам імкнецца навучыцца і асвоіць розныя тэхнікі творчасці, былі арганізаваны велікодныя майстар­класы ў розных арттэхніках. Тут кожны змог па­свойму па­фарбаваць сімвал свята ­ яйка.

Не менш людзей сабралася і ў фанзоне, дзе валадарылі… трусы. Яны таксама служаць сімваламі хрысціянскага свята. Паціскаць жывёлін, зрабіць з імі фотаздымак і проста набыць для сябе ў якасці гадаванца знайшлося нямала ахвотнікаў.

Ды і кожная дбайная гаспадыня лічыла абавязкам пачаставацца велікоднымі кулічамі і булкамі, пацікавіцца іх рэцэптам і падзяліцца сваім сакрэтам прыгатавання. Тым больш, што смачную здобу ўсім прапаноўвала адна з лепшых гаспадынь ­ Наталля Мікалаеўна Заікіна.

Спецыяльна да свята ўзорны лялечны тэатр цэнтра культуры “Сюрпрыз” паставіў п’есу ”Велікодны калабок”, якая аказалася цікавай не толькі для дзяцей, але і павучальнай для дарослых. Ды і як забыцца, што ў дзень фестывалю кожны атрымаў магчымасць пабыць званаром і выканаць сваю песню велікоднай радасці.

На цэнтральнай плошчы свята набірала моц, а ў гэты момант вернікі сталі ўдзельнікамі хрэснага ходу ад Нікольскага храма да цэнтра города, а затым наладзілі і Велікодны малебен. У святочным шэсці можна было пабачыць людей сталага ўзросту, пенсіянераў, моладзь і прыгожа апранутую дзятву.

Кульмінацыяй фестывалю стаў вялікі канцэрт у раённым цэнтры культуры, які сабраў цэлую залу гледачоў, а кожны нумар пачынаўся святочным прывітаннем “Хрыстос уваскрэсе! Сапраўды ўваскрэсе!”. На сцэне выступалі хор храма свяціцеля Мікалая Цудатворца пад упраўленнем рэгента Алены Дзялендзік, выхаванцы праваслаўнага гуртка ”Праменьчыкі” дзіцячага садка №8, вучаніцы Нядзельнай школы Нікольскага храма Кацярына Ганчарук, Ірына Ганчарук, Сафія Кушнер, Ліза Саскавец, прадстаўніца маладзёжнага брацтва Нікольскага храма Крысціна Марчанка, дуэт піяністаў у складзе панамара Івана Долбіна і Ульяны Сляпіцы, панамар храма Серафіма Кушнер, выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Калінка і інш.

Закончыліся велікодныя канцэрт і фестываль на ўзнёслай мажорнай ноце. Благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі, настаяцель Нікольскага храма протаіерэй Ілья Ганчарук і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Лучанок уручылі падзякі і граматы арганізатарам і актыўным удзельнікам свята, якое заклікана было павялічыць колькасць людзей, жадаючых працягнуць руку дапамогі, зрабіць добрую справу, падзяліцца душэўнай цёплынёй і клопатам. А гэта і ёсць самае важнае ў жыцці.

­ Прыемна, што наша ідэя знайшла жывы водгук сярод бярэзінцаў і была запатрабавана людзьмі,  падвяла вынік фестывалю дырэктар раённага цэнтра культуры Марыя Анатольеўна Бурымская,  сярод якіх не толькі заўзятыя вернікі. Па душы аказалася нашым людзям такое далучэнне да сапраўднай хрысціянскай культуры і яе каштоўнасцей, жаданне атуліць кожнага любоўю і клопатам. Таму фестываль мы мяркуем зрабіць добрай гарадской традыцыяй. Ёсць у нас і яшчэ адна задумка ­ наладзіць праваслаўны баль. Гэта ўжо больш маштабны праект, які запатрабуе куды больш нашых ідэй і падрыхтоўкі, але я шчыра спадзяюся знайсці выдатных памочнікаў, зацікавіць і сабраць нямала аматараў бальных танцаў сярод бярэзінцаў.

Чытаць 105 разоў

1