Лепшых стаматолагаў Мінскай вобласці вызначылі ў Стоўбцах

У апошні дзень вясны ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы сабраліся лепшыя стаматолагі з усяго цэнтральнага рэгіёна.

Нагода - практычны этап абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод урачоў-стаматолагаў-тэрапеўтаў. Палепшыць якасць профільнай дапамогі і павысіць стандарты працы ўрачоў - асноўныя мэты падобных спецыялізаваных спаборніцтваў. Доўжыўся конкурс амаль 6 гадзін. З чым давялося сутыкнуцца лекарам, каб даказаць сваё майстэрства, распавяла член журы, выконваючая абавязкі галоўнага ўрача Мінскай абласной стаматалагічнай паліклінікі Алена Новікава: «У час конкурсу ўдзельнікам трэба было выканаць рэстаўрацыю жавальнай групы зубоў. Усе ўдзельнікі знаходзіліся ў аднолькавых умовах. Адбылося прэпараванне карыёзнай паражніны і пастаноўка пломбы, у якое ўваходзілі яшчэ паліроўка, шліфоўка – г.зн. усе стаматалагічныя нюансы. Журы ацэньвала кожны этап - прэпаравання, падбору інструментара, устаноўкі пломбы, паліроўкі, фарміравання кантактнага пункта і іншыя. Усё выдатна – усе задаволеныя».

Па выніках конкурсу лепшымі сталі ўрачы - стаматолагі Маладзечанскага раёна - першае месца ў прадстаўніцы Веранікі Пятроўскай, якая прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе. Другой стала Юлія Кароўкіна з Жодзінскай гарадской стаматалагічнай паліклінікі, а замыкае тройку лідараў стаматалагічнае аддзяленне Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў асобе Марыны Жарынай.

Таксама на базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся абласны семінар па пытаннях тэрапеўтычнай стаматалогіі, у якім прынялі ўдзел дацэнты, доктара медыцынскіх навук і загадчыкі і старэйшыя выкладчыкі кафедраў агульнай стаматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялісты прадставілі даклады па тэмах «Дыягностыка і выбар антымікробнай тэрапіі ў перыяданталогіі», «Сучасныя падыходы да ўжывання адгезіўных канструкцый», «Агляд сучасных метадаў адбельвання зубоў», «Лячэнне карыёзных і некарыёзных хвароб зуба метадам інфільтрацыі эмалі» і некаторыя іншыя.

Чытаць 95 разоў

1