Юныя мастакі Міншчыны прынялі ўдзел у беларуска-японскай акцыі «За мір і сумленны спорт»

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася беларуска-японская дзіцячая акцыя «За мір і сумленны спорт». Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве кіраўніка грамадскай арганізацыі "Earth Identity Progect", каардынатара праграм аздараўлення японскіх дзяцей у Беларусі Хірока Кавахары, пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Японіі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У якасці ганаровых гасцей мерапрыемства наведалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Японіі ў Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.

Для ўдзелу ў акцыі былі запрошаныя 40 юных мастакоў з усіх куткоў нашай краіны. Мінскую вобласць прадстаўлялі навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, беларускамоўнай гімназіі №2 г.Барысава і Перажырскай сярэдняй школы імя Гурыновіча Пухавіцкага раёна. Падчас акцыі ўдзельнікі выканалі творчую працу ў тэхніцы роспісу па тканіне, прадставіўшы сюжэты, звязаныя са сваім родным горадам і рэгіёнам, II Еўрапейскімі гульнямі ў Мінску і маючымі адбыцца Алімпійскімі і Паралімпійскімі гульнямі ў Токіа ў 2020 годзе. Удзельнікі акцыі распісалі калектыўнае палатно, агульная кампазіцыя якога аб'яднаная адзінай лініяй, якая сімвалізуе сяброўства паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй, барацьбу за мір і сумленны спорт. Заключным сімвалічным момантам акцыі стаў запуск паветраных шароў у знак міру і сяброўства паміж нашымі народамі.

Створанае мастацкае палатно арганізатары мерапрыемства даставяць у Японію, тым самым хлопцы з Беларусі перададуць эстафету ад II Еўрапейскіх гульняў у Мінску да Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Токіа 2020 года.

Чытаць 83 разоў

1