У Доме прэсы абмеркавалі правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2019 года

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Емяльянчык Ларыса Васільеўна - кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Малахава Ала Антонаўна - загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя»; Рысевец Ганна Віктараўна - начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта; Цвірка Таццяна Анатольеўна - начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта; Лазар Дзмітрый Мікалаевіч - галоўны спецыяліст аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта; Філімонава Анастасія Уладзіміраўна - вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Мінскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва; Жалянкоў Аляксей Васільевіч - намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна – курортным лячэнні насельніцтва; Салаўёва Ірына Юр'еўна - намеснік начальніка прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Выступаючы перад журналістамі, Ларыса Емяльянчык спынілася на ключавым моманце: каштоўнасць і неабходнасць забеспячэння сістэмы аднаўлення фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага здароўя дзяцей з'яўляецца адной з першачарговых задач летняй аздараўленчай кампаніі. Таму дзейнасць выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі накіравана на рэалізацыю пазнавальных інтарэсаў асобы дзіцяці праз свабодны выбар розных формаў дзейнасці.

Спікер паведаміла, што пры планаванні выхаваўчай працы ў аздараўленчых лагерах была ўлічаная важнасць для Беларусі значнай даты - 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рабят чакаюць розныя творчыя тэматычныя конкурсы, цікавыя маршруты па месцах баявой славы. У рамках летняй аздараўленчай кампаніі 2019 года працягнецца рэспубліканская акцыя «Малая радзіма: эстафета карысных спраў». Запланавана правядзенне конкурсаў сярод выхаванцаў, такіх, напрыклад, як «Вялікая будучыня малой радзімы», «Будучыня аграгарадкоў вачыма дзяцей», «Ідэі моладзі для малой радзімы», «Паспяховая малая радзіма – паспяховая краіна». Цэнтральным мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі стане фестываль аздараўленчых лагераў «Летні маршрут: малая радзіма» ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», які адбудзецца з 16 па 18 жніўня. Задача дадзенага фестывалю - прэзентацыя інавацыйных форм арганізацыі выхаваўчай работы ў аздараўленчых лагерах. Дарэчы, сапраўдная краіна дзяцінства «Зубраня» ў гэтым годзе адзначае слаўны юбілей – 50 гадоў! За час функцыянавання ўстановы сфарміравана ўнікальная выхаваўчая сістэма, назапашаны багаты вопыт працы з дзецьмі, які НДЦ «Зубраня» распаўсюджвае сярод выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«Ужо зусім хутка наша краіна прыме маштабныя спартыўныя спаборніцтвы - II Еўрапейскія гульні. У перыяд правядзення летняй аздараўленчай кампаніі пільная ўвага будзе нададзена не толькі арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы сярод дзяцей, але і рэалізацыі разнастайных інфармацыйна – асветніцкіх мерапрыемстваў спартыўнай тэматыкі, якія знаёмяць выхаванцаў з развіццём алімпійскага руху ў нашай краіне», - падкрэсліла Ларыса Емяльянчык.

Паводле інфармацыі Аляксея Жалянкова, больш за 388 тысяч дзяцей пройдуць аздараўленне ў летніх лагерах. З рэспубліканскага бюджэту на аздараўленне выдзелена 47 млн.рублёў. Усе аздараўленчыя лагеры аснашчаны якасным медыцынскім абсталяваннем і лекавымі сродкамі.

Ганна Рысявец запэўніла, што дзецям створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага адпачынку: «Лета будзе яркім, насычаным і запамінальным. Шэраг лагераў павялічвае колькасць змен, каб яшчэ больш рабят змаглі добра аздаравіцца». Прадстаўнік Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама распавяла, што ў сталіцы рэалізуецца сацыяльна значны валанцёрскі праект «Дзеці сталіцы». Яго унікальнасць заключаецца ў арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, якія не маюць магчымасці аздаравіцца летам у загарадных лагерах або наведваць прышкольны лагер. Для ўдзелу ў праекце запрашаюцца студэнты розных факультэтаў БДПУ, якія маюць устойлівую цікавасць да сацыяльна-педагагічнай працы з дзецьмі і падлеткамі.

Для дзяцей, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі на базе вайсковай часткі 3310 арганізаваны лагер «Патрыёт». І хлапчукі з задавальненнем спасцігаюць асновы вайсковай службы, вучацца жыць па распарадку.

Свае першыя працоўныя фінансы хлопцы, пачынаючы з 14 гадоў, могуць зарабіць у лагерах працы і адпачынку.

«Падрыхтоўка да правядзення дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2019 года пачалася задоўга да пачатку лета» - канстатавала Таццяна Цвірка. Сярод асноўных прыярытэтаў - захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, даступнасць аздараўленчых паслуг у аздараўленчых лагерах для ўсіх катэгорый насельніцтва, сацыяльная абарона і падтрымка найбольш неабароненых катэгорый дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем'яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія стаяць на розных відах уліку.

У Мінскай вобласці ў гэтым годзе з 24 стацыянарных аздараўленчых лагераў ужо пачаў працу 21 аздараўленчы лагер, не менш за 4 змен, працягласцю 18 дзён. Будуць адкрыты лагеры для высокаматываваных дзяцей, якія праяўляюць цікавасць да вывучэння замежных моў, натуральных навук, інфармацыйных тэхналогій, лагеры ЮІД, МНС. У аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці будуць рэалізаваны даследчыя, навукова-пазнавальныя праекты, экскурсійна-турыстычныя праграмы.

Ала Малахава пазначыла моманты, якія закранаюць санітарна-гігіенічны дабрабыт у лагерах. Наглядныя функцыі ўключаюць: кантроль за забеспячэннем належных умоў знаходжання ў аздараўленчых лагерах (добрая матэрыяльная база, наяўнасць гарачай вады); пільную ўвагу за якасцю харчавання, станам пітной вады. Вялікая метадычная дапамога аказваецца работнікам аздараўленчых лагераў, вядзецца навучанне начальнікаў лагераў, работнікаў аб'ектаў харчавання і медыцынскіх работнікаў. Шмат увагі надаецца прафілактыцы кішачных інфекцый, укусаў кляшчоў. «Мы зацікаўлены ў эфектыўнасці аздараўлення, хочам, каб любая форма аздараўлення была карыснай, якаснай і выніковай».

Падводзячы вынік прэс-канферэнцыі, спікеры спыніліся на важным моманце: пры любым інавацыйным падыходзе да арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення самым галоўным з'яўляецца захаванне жыцця і здароўя дзяцей. Варта накіраваць пільную ўвагу на няўхільнае захаванне правілаў бяспечнага паводзінаў і забеспячэнне бяспечных умоў у месцах адпачынку і аздараўлення дзяцей, фарміраванне культуры бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў. Ад усіх нас, дарослых, залежыць якасць адпачынку, а, значыць, здароўе і дабрабыт дзяцей.

Чытаць 92 разоў

1