Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019» запрашае

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2019" зноў збярэ лепшых спевакоў, музыкантаў і паэтаў-эліту нашай нацыі.

Так лічыць дырэктар Палаца культуры Маладзечна Святлана Сарока: «Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне вельмі значны для краіны. 21 удзельнік заяўлены на конкурс, мы разумеем, што многія маладыя выканаўцы ўпершыню будуць спяваць з аркестрам, і Міхаіл Фінберг сказаў мне, што вельмі моцныя ў гэтым годзе канкурсанты. А мы ў Маладзечне зробім усё магчымае, каб стварыць добры настрой і гледачам, і ўдзельнікам фестывалю». Таксама Святлана Сарока пажадала ўсім, хто прыедзе ў Маладзечна, атрымаць самыя яркія, самыя цёплыя эмоцыі, бо праграма надзвычай насычаная падзеямі: урачыстае адкрыццё форуму адбудзецца 7 чэрвеня на сцэне Летняга амфітэатра (рэжысёр Ніна Осіпава), салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраваннем народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга падрыхтавалі прэм'ерны канцэрт «Песні вайны», падчас якога будуць узнагароджаны лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пройдзе праграма «Суразмоўцы» Навума Гальпяровіча, для літаратараў будзе працаваць паэтычная пляцоўка «Мой родны кут, як ты мне мілы», дзе аўтары змогуць прэзентаваць свае новыя творы і кнігі, адкрыецца музычна-паэтычная гасцёўня «Пад небам Бацькаўшчыны роднай». Мінскі абласны краязнаўчы музей арганізуе выставу ўнікальных вырабаў са шкла «Гармонія шкла» барысаўчан Таццяны і Пятра Арцёмава. У малой зале Палаца культуры будзе працаваць праект «Асоба эпохі», гераіняй якога стане заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч. Беларускі акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль «Янка Купала: жыццё ў свеце маланак», у якім распавядаецца пра гісторыю кахання класіка беларускай літаратуры і Паўліны Мядзелкі. На працягу двух дзён будуць працаваць пляцоўкі з удзелам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй краіны, арт-фэст «Лянок». Адбудзецца таксама гала-канцэрт «Маладзічок» запальвае зоркі» лаўрэатаў VІІІ адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2019». Міхаіл Фінберг адзначыў: «У нашай краіне шмат таленавітай моладзі, якую я заўсёды імкнуся падтрымліваць, таму што адчуваю адказнасць за іх. Бо мала стаць лаўрэатам конкурсу, трэба далей развівацца і папулярызаваць сваю творчасць. Беларускіх артыстаў заўсёды вельмі добра прымаюць у іншых краінах. І я буду рабіць усё, каб беларускую музыку ведалі ва ўсім свеце».

Яркім завяршэннем музычнага форуму ў Летнім амфітэатры стане юбілейная канцэртная праграма «Зорны карагод» Дзяржаўнага Акадэмічнага ансамбля танца Беларусі пад кіраваннем Валянціна Дудкевіча, яго памочнік Сняжана Цімчык распавяла журналістам, што такім чынам пачнецца святкаванне 60-годдзя ансамбля: «Мы на гэты канцэрт запрасілі артыстаў, з якімі працавалі - Алену Ланскую, Аляксандра Саладуху, Ірыну Дарафееву, Юлію Быкаву, «Песняроў», «Чысты голас».

Чытаць 96 разоў

1