Юныя мастакі Міншчыны атрымалі ўзнагароды

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя Рэспубліканскай выставы мастацкіх твораў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі, прысвечаная Году малой радзімы, і цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў.

Адкрываючы цырымонію, дырэктар музея Павел Сапоцька адзначыў: «Праект фінансуецца за кошт спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сярод задач праекта - стымуляванне маладых аўтараў да звароту ў сваёй творчасці да тэмы Радзімы, яе культуры, гісторыі, сучасных дасягненняў, умацаванне творчай прасторы для самаактуалізацыі творчай моладзі, прадастаўленне магчымасцяў маладым аўтарам заявіць пра сябе з дапамогай удзелу ў выставе і публікацыі сваіх работ у каталогу, выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму і гонару за сваю краіну, папулярызацыя творчасці пачынаючых мастакоў».

У экспазіцыі прадстаўлены творы навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў краіны, у тым ліку Валожына, Маладзечна, Заслаўя, Івянца, Лагойска, Слуцка, Салігорска, Старых Дарог, Стоўбцаў, Чэрвеня. Юным мастакам уручылі сертыфікаты і каталогі з іх працамі. Дырэктар Маладзечанскай школы мастацтваў Наталля Трус у інтэрв'ю Мінскай хвалі адзначыла: «Нам вельмі прыемна атрымаць такія ўзнагароды, гэта стымул для далейшага развіцця. У кожнага свае мэты, але вельмі добры працэнт паступлення. У нас вучыцца 260 дзяцей, і яны вельмі вылучаюцца сваім разуменнем і бачаннем свету».

Чытаць 100 разоў

1