Займальныя і цікавыя мерапрыемствы чакаюць дзяцей у перыяд летніх канікул

Лета ў Мінскай вобласці здзіўляе разнастайнасцю форм працы са школьнікамі. Займальныя і цікавыя мерапрыемствы чакаюць дзяцей у перыяд летніх канікул. У аздараўленчых лагерах рэалізуюцца новыя творчыя праекты - даследчыя, навукова-пазнавальныя, будуць прапанаваныя цікавыя экскурсійна-турыстычныя праграмы.

У летні перыяд 2019 года на Міншчыне плануецца аздаравіць 59 350 непаўналетніх (у лагерах з дзённым знаходжаннем – 33 150 чалавек, з кругласутачным – 26 200), у тым ліку ў спартыўна-аздараўленчых лагерах – 7 895, у лагерах працы і адпачынку – 1 805 (з дзённым знаходжаннем – 1 390 чалавек, з кругласутачным – 415), іншай накіраванасці – 1 235 чалавек.

У Мінскай вобласці створаны ўсе ўмовы, каб летняя аздараўленчая кампанія прынесла дзецям яркія ўражанні, умацавала іх здароўе, забяспечыла цікавы вольны час.

У чэрвені ў Слуцкім раёне рабяты атрымаюць магчымасць правесці канікулы не толькі актыўна, але і з карысцю. У аздараўленчым лагеры «Алімпіец» правядуць свае канікулы пераможцы і ўдзельнікі прадметных алімпіяд. Запамінальнымі стануць канікулы і для хлопчыкаў і дзяўчынак з перасоўнага палатачнага лагера «Вандроўнік».

Забаўляльную праграму і займальны адпачынак дзецям прапануюць аздараўленчыя лагеры Барысаўскага раёна: лагер «Малая акадэмія навук» для адораных навучэнцаў на базе Лошніцкай гімназіі; лагер для актывістаў ЮІД «Безопасность.ВУ»; намётавы лагер «Рабінзон».

З чэрвеня па ліпень будзе арганізавана работа профільных лагераў «Эрудыт» для высокаматываваных дзяцей на базе Мар'інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна і «Гвардзеец» сумесна з вайсковай часткай 89417 на базе сярэдняй школы № 3 г.Мар'іна Горка.

Ва Уздзенскім раёне актывістам грамадскіх арганізацый дасць магчымасць правесці час у аздараўленчым лагеры «Лідэрскі» на базе Уздзенскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

У Маладзечанскім раёне юнакі 14-17 гадоў з карысцю правядуць час у аздараўленчым лагеры абаронна-спартыўнага профілю з кругласутачным знаходжаннем дзяцей «Дапрызыўнік» на базе фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маладзечанскага раёна. Рабяты пройдуць 5-дзённы курс вучэбна-палявых збораў «Дапрызыўная падрыхтоўка». Заняткі з імі правядуць афіцэры вайсковай часці 04152, ваеннага камісарыята, Маладзечанскага ГРАНС, воіны-інтэрнацыяналісты, работнікі Маладзечанскай раённай арганізацыі ДТСААФ.

Для хлопцаў з абласнога лагера «Эрудыт» Капыльскага раёна запланавана незабыўная сустрэча з дэлегацыяй з горада Арэнбурга.

У Мінскім раёне на базе Мачулішчанскай сярэдняй школы працуе аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем «РОБОТЕК» (для навучэнцаў 3-5 класаў). На працягу ўсёй змены рабяты атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з робататэхнікай і Scratch-праграмаваннем, пагрузіцца ў свет матэматыкі, інфарматыкі і англійскай мовы. Для выхаванцаў лагера арганізуюцца экскурсіі ў музей «Экспириментус», выставы «Свет робатаў» і «Robo Art».

Знайсці занятак па душы і стаць удзельнікам разнастайных праектаў прапануюць дзецям аздараўленчыя лагеры Смалявіцкага раёна: «Менедж-фэст» - лагер з элементамі эканамічных ведаў; лінгвістычны лагер «Па слядах чырвонага цмока» з вывучэннем кітайскай і англійскай моў.

Насычаная праграма чакае хлопчыкаў і дзяўчынак. Падчас трохдзённага турыстычнага злёту, які ахопіць больш за 180 рабят, на тэрыторыі ўрочышча Гарбаты мост будзе арганізавана 12 намётавых лагераў.

У перыяд летніх канікул у г.Жодзіна створаны ўсе ўмовы для актыўнага і карыснага адпачынку. Лагер «Непаседы» на базе Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра прыме 30 дзяцей і будзе працаваць у дзве змены. Таксама працуе профільны эколага-краязнаўчы лагер «Рамонак» на базе філіяла «Турыст» ДУДА «Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі г. Жодзіна». У гэтым лагеры за дзве змены адпачне 50 дзяцей.

Разнастайныя лагеры прымуць рабят у Валожынскім раёне: лагер з кругласутачным знаходжаннем «КРУТА» на базе Вішнеўскага ВПК; профільны лагер «Патрыёт» на базе вайсковай часці 30695. Бярэзінскі раён парадуе школьнікаў перасоўным намётавым лагерам «Юнацтва» на базе турыстычнага цэнтра «Юнацтва» в.Жорнаўка, Вілейскі – перасоўным намётавым лагерам «Вандроўнікі» (Вілейская гімназія «Логас»). У Чэрвеньскім раёне працуе лагер «Экаград» на базе Запольскай сярэдняй школы, у Мядзельскім – профільны лагер «Эрудыт» на базе гімназіі-інтэрната.

Жадаем хлопцам, якія адпачываюць у летніх лагерах Міншчыны, вясёлага адпачынку і шмат новых адкрыццяў!

Чытаць 90 разоў

1