У Мінскай вобласці пройдуць выпускныя вечары

8 і 9 чэрвеня ў Мінскай вобласці пройдуць выпускныя балі. Ва ўсіх установах адукацыі Міншчыны будуць чуваць гукі развітальнага вальса і звонкія галасы яшчэ ўчорашніх школьнікаў - цяперашніх выпускнікоў.

Сёлета 13095 дзяцей скончаць 9 клас, у дарослае жыццё ступіць і 7 623 выпускнікі цэнтральнага рэгіёна.

8 чэрвеня ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць у 20 раёнах Міншчыны, 9 чэрвеня – у Маладзечанскім, Мядзельскім і Стаўбцоўскім раёнах, а таксама ў Мінскім абласным Дзяржаўным ліцэі і Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы.

9 чэрвеня атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, памятны пагон і знак выпускніка вучылішча атрымаюць 63 выпускнікі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча ў Слуцку. 57 з іх плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сістэмы нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Падчас урачыстай часткі лепшыя з іх будуць узнагароджаны за актыўны ўдзел у жыцці ўстановы адукацыі, а таксама за дасягненні высокіх вынікаў у конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і спартыўных спаборніцтвах.

Добрай традыцыяй Мінскай вобласці даўно стала правядзенне раённых выпускных баляў. Так, у Мінскім раёне выпускны пройдзе ў новым фармаце: на ўрачыстым мерапрыемстве будуць падведзены вынікі раённага конкурсу «Выпускнік года». Кранальным момантам свята стане запуск у неба белых галубоў як сімвала ўвасаблення мары, а таксама адкрыццё памятнай пліты «Выпуск – 2019».

Маладзечанскі раён традыцыйна ладзіць гэтымі днямі ўрачыстае шэсце выпускнікоў па галоўных вуліцах і плошчах горада, у Смалявіцкі раёне перад хлопцамі выступяць артысты беларускай эстрады. А 266 самых паспяховых, актыўных і творчых выпускнікоў Дзяржынскага раёна сустрэнуцца на цэнтральнай плошчы горада, дзе іх будзе чакаць свята, напоўненае радасцю, яркімі ўспамінамі аб шчаслівым дзяцінстве і марамі аб выдатнай будучыні.

Цікавым уключэннем у святочныя мерапрыемствы гэтых дзён стане відэазварот Веніяміна, епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага, з павучальным словам да выпускнікоў устаноў адукацыі Міншчыны, які заклікае задумацца аб вечных духоўных каштоўнасцях і важнасці правільнага выбару жыццёвага шляху.

Традыцыйна ў выпускных балях прымуць удзел прадстаўнікі мясцовых уладаў і шэфствуючых арганізацый.

Варта адзначыць, што падчас правядзення выпускных вечароў праваахоўныя органы будуць прымаць дадатковыя меры па ахове грамадскага парадку.

У многіх раёнах выпускны баль завершыцца маляўнічымі грымотамі салютных залпаў.

А наперадзе выпускнікоў чакае шмат новых нязведаных дарог. З мноства сцяжынак ім трэба будзе выбраць тую, якая абавязкова прывядзе іх да пастаўленай мэты.

Чытаць 146 разоў

1