«І грымнуў баль, развітальны баль!»

Як адно імгненне праляцелі выпускныя экзамены, ззаду засталіся трывогі, хвалявання і школьныя падручнікі. 13095 дзевяцікласнікаў і 7623 выпускнікі цэнтральнага рэгіёна ступілі ў дарослае жыццё.

8 і 9 чэрвеня ва ўсіх установах адукацыі Міншчыны прагучала мелодыя развітальнага вальса выпускных вечароў.

На плошчы У.Маякоўскага горада Клецка ў мінулыя выходныя дні 160 выпускнікоў з 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Клецкага раёна развітваліся з бесклапотным школьным дзяцінствам.

Калоны выпускнікоў, настаўнікаў, бацькоў прайшлі па вуліцах горада пад гукі ўрачыстага маршу аркестра Клецкага РАНС. Адкрыў выпускны вечар флэш-моб вучняў Клецкай сярэдняй школы №3, прысвечаны годзе Малой Радзімы. Развітваючыся з бесклапотным дзяцінствам, навучэнцы выпусцілі з рук чырвоныя і зялёны паветраныя шары. А затым у свае правы ўступіў баль - кожная ўстанова адукацыі прадставіла гледачам развітальны танец выпускнікоў: павольную кампазіцыю гімназістаў, вальсы выпускнікоў Клецкай сярэдняй школы №2 і №3, запальнае танга выпускнікоў Клецкай сярэдняй школы №1.

Павіншаваць прысутных са святам прыйшлі бацькі, настаўнікі, кіраўніцтва Клецкага раёна: Ладыга Анатоль Міхайлавіч, старшыня Клецкага райвыканкама, Клімовіч Анатоль Мікалаевіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме. Яны ўручылі атэстаты сталасці і залатыя медалі дванаццаці лепшым выпускнікам раёна. Чацвёра з іх - пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў, былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад Клецкага райвыканкама - планшэтамі. Сем навучэнцаў і выпускнікоў раёна атрымалі пасведчанні аб узнагароджанні прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Традыцыйна самым кранальным момантам балю стаў танец з бацькамі. Пад шчымлівую мелодыю сэрца ў танцы закружыліся мамы і таты са сваімі дарослымі дзецьмі.

У завяршэнне гарадскога выпускнога балю выпускнікі прынеслі клятву - на вернасць сваёй школе, настаўнікам, бацькам, на вернасць свайму роднаму Клецкаму краю. Флэшмоб выпускнікоў «Родны мой горад, любоў мая!» стаў апошняй нотай вечара, гукі гэтай мелодыі праводзілі выпускнікоў у свае ўстановы адукацыі.

У Мінскім раёне выпускны баль прайшоў у новым фармаце. На ўрачыстым мерапрыемстве падведзены вынікі раённага конкурсу «Выпускнік года». Кранальным момантам свята стаў запуск у неба белых галубоў як сімвала ўвасаблення мары, а таксама адкрыццё памятнай пліты «Выпуск-2019».

Маладзечанскі раён зладзіў урачыстае шэсце выпускнікоў па галоўных вуліцах і плошчах г.Маладзечна, ў Смалявіцкім раёне перад рабятамі выступілі артысты беларускай эстрады. А 266 паспяховых, актыўных, творчых выпускнікоў Дзяржынскага раёна сустрэліся на Цэнтральнай плошчы горада, дзе іх чакала свята, напоўненае радасцю, яркімі ўспамінамі аб шчаслівым дзяцінстве і марамі аб выдатнай будучыні. 63 выпускнікі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, памятны пагон і знак выпускніка вучылішча.

Адгрымелі фанфары, змоўклі танцавальныя мелодыі ... выпускны баль яркім матыльком праляцеў над Мінскай вобласцю. Выпускнікі сустрэлі першы світанак дарослага жыцця і ... сышлі дадому рыхтавацца да здачы цэнтралізаванага тэставання.

Пажадаем рабятам поспехаў! У іх усё атрымаецца!

Чытаць 88 разоў

1