Уладзімір Улаховіч: «Вялікі камень» - прыклад глабальных магчымасцяў у складаных умовах сусветнага рынку

У Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку 2 ліпеня пройдзе Форум па рэгіянальнаму супрацоўніцтву і развіццю ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях».

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч. Форум збярэ каля 500 удзельнікаў з краін еўрапейскага і азіяцкага рэгіёнаў, у ліку якіх прадстаўнікі ўрадаў, кіраўнікі бізнес-асацыяцый, інвестыцыйных фондаў, банкаў і буйных кампаній. На 4-х панэльных секцыях удзельнікі мерапрыемства абмяркуюць перспектывы супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, інавацыйнае развіццё, новыя тэхналогіі, транспартныя і лагістычныя сістэмы, а таксама развіццё «Вялікага каменя» як «разумнага» экагорада.

Важным складальнікам форуму стане выстава нашых кітайскіх партнёраў і беларускіх прадпрыемстваў. Паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, гэта добрая магчымасць прадставіць новую прадукцыю. Тут будуць працаваць чатыры пляцоўкі - беларуская, кітайская, пастаянна дзеючая выстава ў выставачным комплексе «Чайна Мерчантс» і выстава рэзідэнтаў парку. Ад беларускага боку на ўдзел заяўлена 74 кампаніі. Нашы прадпрыемствы прадставяць практычна ўвесь спектр эканомікі (гэта 12 галіновых экспазіцый), у тым ліку харчовая прамысловасць, навука і тэхналогіі, машынабудаванне, тэлекамунікацыі, адукацыя, паслугі, энергетыка, транспарт і будаўніцтва. Дарэчы, выстава пачне працаваць раней самога форуму: яе адкрыццё плануецца 30 чэрвеня.

На прэс-канферэнцыі Уладзімір Улаховіч адзначыў, што калі гаворка ідзе аб супярэчнасцях і гандлёвых канфліктах на глабальным узроўні, Кітай, як важны гулец, дэманструе пазіцыю захавання тых міжнародных эканамічных адносін, якія забяспечваюць стабільнасць развіцця сусветнай эканомікі. «Нашы двухбаковыя адносіны - гэта прыклад таго, як трэба працаваць. Вялікі камень - гэта прыклад глабальных магчымасцяў у складаных умовах сусветнага рынку», - падкрэсліў Уладзімір Улаховіч.

У сваю чаргу кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парку Аляксандр Ярашэнка, адзначыў, што ўжо сёння ёсць папярэднія дамоўленасці аб прыходзе ў парк двух вельмі буйных і сапраўды знакавых для нас інвестараў. «Перш за ўсё, гэта карпарацыя Geely, - сказаў Ярашэнка. - Праца яшчэ вядзецца, і мы разлічваем на падпісанне папярэдняга пагаднення аб рэалізацыі праекта па вытворчасці аўтакампанентаў у «Вялікім камені». Яшчэ адно пагадненне з кітайскай суднабудаўнічай карпарацыяй. У сукупнасці з кампаніяй па аэракасмічных тэхналогіях, якая з'яўляецца адным з нашых якарных інвестараў, мы арыентуемся на стварэнне так званага субпарка ў «Вялікім камені».

Чытаць 146 разоў

1