Сёння жодзінцы прымалі эстафету факельнага агню «Полымя міру»

Эстафета агню ІІ Еўрапейскіх гульняў «Полымя міру» працягвае свой ваяж па Беларусі. Сёння яркі агонь перамог прыбыў на Беларускі аўтамабільны завод.

Чатыры факеланосцы - герой Беларусі Павел Марыеў, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, Кубка свету па самба Аляксандр Стральчонак, намеснік дырэктара ТАА «Мотавелазавод» Аляксандр Трафімаў, беларускі вясляр-байдарачнік, чэмпіён летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне, двойчы чэмпіён свету Аляксей Абалмасаў – пранеслі адзін з сімвалаў II Еўрапейскіх гульняў па гіганту аўтамабілебудавання.

Тут на палубе кар'ернага самазвала агонь яркіх перамог праехаў да цэха зборкі і выпрабаванняў аўтамабіляў і цягачоў. Пасля адбылася яго перадача на іншы самазвал і шлях працягнулі да вытворчасці звышцяжкіх машын.

«Полымя міру» пранёс па цэху, дзе збіраюцца 450-тонныя самазвалы, занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса, Аляксей Абалмасаў. Гэта было сімвалічна. Машынабудаўнікі дасягаюць перамог у сваёй справе і ўслаўляюць нашу краіну. Зараз жа чарга спартсменаў запаліць пераможныя агні сваімі поспехамі на спартыўных пляцоўках II Еўрапейскіх гульняў.

Нагадаем, эстафета «Полымя міру» стартавала 3 мая ў Рыме і завершыцца 21 чэрвеня ўрачыстым запальваннем чары алімпійскага агню на цэнтральнай арэне II Еўрапейскіх гульняў – Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Усяго агонь гульняў пранясуць праз 55 населеных пунктаў на тэрыторыі васьмі краін (Італія, Славакія, Славенія, Венгрыя, Аўстрыя, Чэхія, Польшча і Беларусь), а працягласць шляху складзе 7700 км.у эстафеце прымуць удзел 450 факеланосцаў, 100 валанцёраў і дзесяць захавальнікаў агню.

Пасля Беларускага аўтамабільнага завода агонь працягнуў сваё падарожжа на «БелДжы». 14 чэрвеня полымя чакаюць у Лагойску, мемарыяльным комплексе «Хатынь» і ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». 15 чэрвеня ён будзе ў Маладзечна, 16 чэрвеня – у Заслаўі.

У нядзелю, 16 чэрвеня, караван эстафеты прыбудзе на Курган Славы. Ужо адгэтуль агонь II Еўрапейскіх гульняў перавязуць у Мінск.

Чытаць 157 разоў

1