«Полымя міру» у Барысаве пранеслі Бага, Глеб, Галыгін і Хачатуран

Некалькі сотняў барысаўчан сустракалі вялікую эстафету агню. Горад, вядомы сваёй футбольнай камандай, прымаў «Полымя міру» на спартыўнай арэне. Дакрануцца да «гарачага» знаку II Еўрапейскіх гульняў ўдалося і карэспандэнту «МЛЫН.ВУ».

Урачыстае адкрыццё адбылося на стадыёне «Барысаў–Арэна», дзе эстафету агню прыняў Аляксей Бага - галоўны настаўнік ФК «БАТЭ». Сімвал кантынентальнага першынства пранеслі і іншыя вядомыя факеланосцы: былы гулец каманды Аляксандр Глеб, шоўмэн і заўзятар «жоўта-сініх» Вадзім Галыгін, паўабаронца «Тарпеда-БЕЛАЗ» Андрэй Хачатуран і выхаванец «SOS Дзіцячай вёскі Мар'іна Горка» юны футбаліст Аляксей Гапончык.

Вітаў «полымя міру» і старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзь Дэнгалёў.

- Прымаць эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў вельмі ганарова — - адзначыў кіраўнік рэгіёну. - Мы рады, што сталі часцінкай такога велічэзнага мерапрыемства, якое будзе праходзіць у нашай краіне. Прыемна адзначыць, што ў гульнях будуць прымаць удзел і барысаўчане. Што яшчэ важна, на такіх спаборніцтвах ёсць магчымасць паказаць Беларусь. Мы імкнемся да таго, каб і наш горад пабачыла як мага большую колькасць замежных гасцей. Бо Барысаў - прыгожы горад з багатай гісторыяй.

Эстафета стала адначасова і вялікім святам для жыхароў рэгіёна. Прайшлі цікавыя сустрэчы і футбольны майстар-клас. Усе жадаючыя мелі магчымасць сфатаграфавацца з факеланосцамі.

Юныя Барысаўскія футбалісты не адпускалі Аляксандра Глеба. І не дзіўна. Аляксандр - лепшы футбаліст Беларусі ХХІ стагоддзя. Сярод яго шматлікіх рэгалій званне шасціразовага чэмпіёна Беларусі ў складзе каманды «БАТЭ», уладальніка кубка Іспаніі, пераможцы Лігі чэмпіёнаў УЕФА 2008-2009 у складзе каманды «Барселона». Ён першы беларускі футбаліст, які сыграў у фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў складзе «Арсенала».

- Быць факеланосцам - гэта вялікі гонар, - кажа Аляксандр Глеб. — Усё-такі II Еўрапейскія гульні - гэта выдатнае падзея, якое ператворыцца ў народнае свята. Я спадзяюся, што для нашай Радзімы, беларускіх спартсменаў гэтае свята стане незабыўным.

- Барысаў - мая малая радзіма — - падзяліўся Вадзім Галыгін. - Ганарлівы і шчаслівы, што тут ёсць такі аб'ект, як «Барысаў-Арэна». Стадыён ужо стаў славутасцю ўсяго беларускага футбола. І не дзіўна, што менавіта тут і сабраліся, каб прыняць эстафету «Полымя міру».

Далей «Полымя міру» ўбачыла ўсю моц беларускіх гігантаў на БЕЛАЗЕ. А ў гэтыя хвіліны эстафета накіроўваецца на СЗАТ «БелДжы», дзе яе ўдзельнікі змогуць адчуць хуткасць і драйв беларускіх аўтамабіляў.

Чытаць 173 разоў

1