Кітай пашырае межы магчымасцяў для прадпрыемстваў Мінскай вобласці

У Мінаблвыканкаме з візітам у адказ сёння пабывала дэлегацыя Кітайскага Чунцын на чале з віцэ-мэрам народнага ўрада горада. Гэта ўжо другі афіцыйны прыезд кітайскіх гасцей.

У канцы сакавіка прадстаўнікі Мінскай вобласці пад кіраўніцтвам губернатара Анатоля Ісачанкі прымалі ўдзел у мерапрыемствах дзён Мінскай вобласці ў г.Чунцын. За гэты час падпісана шмат дагавораў і пагадненняў, у іх ліку дарожная карта на 2019-2020 гады, пагадненне паміж гандлёвымі палатамі рэгіёнаў, міжнародны адукацыйны праект, а таксама шэраг намераў і дагавораў на пастаўку прадукцыі паміж прадстаўнікамі бізнесу на агульную суму 24 мільёны долараў ЗША.

Таксама, месяц таму, дэлегацыя Мінскай вобласці прымала ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў рэгіёнаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Чунцын. Прадстаўнікі Цэнтральнага рэгіёна Беларусі пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні Мінаблвыканкама Ігара Макара з 13 па 17 мая сустрэліся з намеснікам мэра г.Чунцын і абмеркавалі пытанні па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку праект па будаўніцтве хірургічнага корпуса УАЗ «Мінская абласная клінічная бальніца». Не засталася без увагі і тэма стварэння «кутка Беларусі» ў Чунцын і «кутка г.Чунцын» у Мінскай вобласці.

На чарговай сустрэчы, якая прайшла сёння, абмеркавалі пытанні дадатковай акрэдытацыі нашых прадпрыемстваў на пастаўку ялавічыны. Да прыкладу, цяпер у Беларусі толькі два мясаперапрацоўшчыкі краіны маюць такі дазвол - гэта Магілёўскі мясакамбінат і «ВЯЛЕС-МІТ» у Маладзечне. Таксама ў прыярытэце - пастаўкі сухой малочнай прадукцыі. Па словах першага намесніка старшыні Мінаблвыканкама Ігара Макара, яе дамовіліся адпраўляць у Кітай штомесяц. Першы цягнік, на агульную суму 1 мільён долараў ЗША, адправіўся ў Паднябесную яшчэ ў траўні. Кошт другога складу ацэньваецца прыкладна ў 700 тысяч даляраў ЗША.

У інтэрв'ю прадстаўнікам СМІ Ігар Макар адзначыў, што падчас афіцыйнай сустрэчы з дэлегацыяй горада Чунцын абмяркоўвалі пытанні аказання дапамогі з кітайскага боку па акрэдытацыі і дазволах па пастаўцы ялавічыны ў Кітайскую Народную Рэспубліку. «Мы просім, каб нам аказалі дапамогу ў будаўніцтве хірургічнага корпуса нашай Мінскай абласной бальніцы. А таксама адпрацоўваем магчымасць інвеставання: з улікам таго, што на тэрыторыі Цэнтральнага рэгіёна знаходзіцца індустрыяльны парк «Вялікі камень», каб яны маглі інвеставаць у эканоміку Мінскай вобласці і, адпаведна, Рэспублікі Беларусь, пэўныя фінансавыя рэсурсы», - падкрэсліў першы намеснік губернатара.

Пасля афіцыйнай сустрэчы ў Мінаблвыканкаме, кітайская дэлегацыя адправілася на найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Мінскай вобласці: «Вялікі камень», «БелДжы» і «БелАЗ».

«Я спадзяюся, што там мы знойдзем агульныя кропкі судакранання і тыя дамоўленасці, якія былі агавораны ў час наведвання афіцыйнай дэлегацыяй Мінскай вобласці (рэд горада Чунцын) на чале з губернатарам Анатолем Ісачанка, знойдуць сваю аддачу. У складзе дэлегацыі прыехалі і прадстаўнікі міністэрства энергетыкі, кампутарнай тэхнікі. Я ўпэўнены, што гэтыя сустрэчы прынясуць свой плён», - адзначыў Ігар Макар.

Нагадаем, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва рэгіёнаў развіваецца, пачынаючы з 2002 года, а ў 2017-м падпісана Пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Мінскай вобласцю і горадам Чунцын Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Чытаць 98 разоў

1