Узнагароджаны пераможцы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў

19 чэрвеня, напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, на тэрыторыі гасціннай Міншчыны адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця 14-й Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў.

Слуцкі гарадскі стадыён прадставіў гледачам марш-парад каманд-удзельніц спартакіяды з усіх куткоў Беларусі. Юныя спартсмены ішлі па бегавых дарожках, дэманструючы выдатную фізічную форму, выдатны настрой і ганарачыся сваімі спартыўнымі дасягненнямі - асабістымі і каманднымі.

З віншаваннямі ў адрас хлопцаў выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, які падкрэсліў, што ў спорце няма тых, хто прайграў, бо перамагаць трэба кожны дзень, імкнучыся да вялікіх дасягненняў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Валянцінаўна Апраніч цёпла павіншавала ўдзельнікаў з грандыёзнай падзеяй, якая адбылася, і асабліва павітала тых хлопцаў, якія нарадзіліся 14 гадоў таму, у год адкрыцця 1 Рэспубліканскай спартакіяды, а сёння атрымліваюць тут заслужаныя ўзнагароды. Таццяна Валянцінаўна запэўніла, што Мінскі абласны выканаўчы камітэт ганарыцца поспехамі і дасягненнямі кожнага юнага ўдзельніка спартакіяды.

Віншуючы хлопцаў, кіраўнік судзейскай калегіі спартакіяды Антаніна Уладзіміраўна Кошаль, заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР па спартыўнай гімнастыцы, адзначыла, што дарога ў вялікі спорт пачынаецца са школьнай спартакіяды, і пажадала ўдзельнікам траплення ў нацыянальныя зборныя каманды, каб на буйных спаборніцтвах годна абараняць гонар Беларусі.

Зборную каманду Мінскай вобласці прадстаўлялі каля 400 навучэнцаў. На п'едэстал для атрымання прызавых узнагарод падняліся самыя спрытныя, самыя хуткія, самыя смелыя. Сярод іх рабяты, якія заваявалі бронзавыя медалі па летніх відах спорту – гандболе (дзяўчыны), вольнай барацьбе (дзяўчыны), шашках.

Блізкія да п'едэстала апынуліся школьнікі, якія занялі 4-е месцы ў спаборніцтвах па баскетболе (юнакі), гандболе(юнакі), вольнай барацьбе(юнакі), кулявой стральбе, фехтаванні, грэка-рымскай барацьбе, па футболе (дзяўчыны) і па веласіпедным спорце.

Трэнер абласной каманды па футболе Сяргей Уладзіміравіч Ляшчынскі, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 14 г. Маладзечна, падзяляе радасць удзелу ў спартакіядзе са сваімі выхаванкамі: «Дзяўчаты, якія граюць у футбол, - гэта жаночы твар мужчынскага віду спорту, гэта наш гонар і наша надзея».

Выдатных вынікаў дабіліся нашы юныя спартсмены ў асабістых першынствах па розных спартыўных дысцыплінах. Так, напрыклад, Юлія Горбач (Барысаўскі раён) заняла 1 месца ў плаванні вольным стылем на дыстанцыі 50 метраў і 2 месца ў плаванні вольным стылем на дыстанцыі 100 метраў. У гэтай жа дыстанцыі сярод юнакоў 2 месца заваяваў Дзмітрый Шульга (Салігорскі раён). У комплексным плаванні на дыстанцыі 400 метраў 3 месца - у Іллі Буракоўскага (Вілейскі раён). 1 месца таксама ў каманды юнакоў Мінскай вобласці ў камбінаванай эстафеце 4 * 50 метраў. У ёй удзельнічалі Дзмітрый Шульга (Салігорскі раён), Лявон Адамавіч (Барысаўскі раён), Нік Ферештиан (Мінскі раён) і Ян Глушкоў (Слуцкі раён).

Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў спартакіядзе падзялілася вучаніца сярэдняй школы № 6 г. Слуцка, уладальнік дыплома 3 ступені ў спаборніцтвах па гандболе сярод дзяўчат Ганна Ждановіч: «Гульні выдаліся складаныя, трэба было настройвацца і «выкладвацца па поўнай», бо перамога ў спаборніцтвах такога ўзроўню дазваляе наблізіцца да атрымання звання «майстар спорту», а гэта – мая мара…»

Спартыўнае свята адбылося. Але яго настрой, аптымізм яшчэ доўга будуць з'яўляцца для ўсіх нас матывуючай сілай у дасягненні новых індывідуальных і камандных поспехаў.

Наперад, да 15-й Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў у Брэсце!

Чытаць 101 разоў

1