На Кургане Славы прайшла маладзёжная акцыя

Сёння на Кургане Славы ў Смалявіцкім раёне прайшлі шматлюдныя мерапрыемствы, прысвечаныя заканчэнню аднаго з этапаў патрыятычнага праекта «Моладзевы марафон «75», які з 11 чэрвеня пераадолеў шлях у больш чым 2,5 тыс. км.

Картэж з удзельнікамі марафону складаўся з брэндаванага аўтобуса і мабільнага музея. Адной з цэнтральных падзей стаў урачысты мітынг. Яго ўдзельнікі - актывісты БРСМ, прафсаюзныя лідары, прадстаўнікі Узброеных Сіл, органаў і падраздзяленняў унутраных спраў, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, ветэраны ВАВ, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады ўсклалі гірлянду памяці, вянкі і кветкі. Другі сакратар ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Алег Дзікун адзначыў: «Падчас марафону было сабрана больш за 2 тыс.фатаграфій вызваліцеляў Беларусі. Частка з іх мы размесцім на 75 лістах Нацыянальнага альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі». Але абсалютна ўвесь сабраны ўнікальны матэрыял пра воінаў-вызваліцеляў, партызанаў-падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу - ураджэнцах нашай краіны, дзякуючы якім мы сёння жывем пад мірным небам, увойдзе ў мультымедыйны альбом. Галоўная задача марафону - захаваць гістарычную памяць і пераемнасць пакаленняў».

Акрамя таго, моладзь Смалявіцкага раёна прэзентавала абласное «Палотнішча Перамогі», якое складаецца з 88 фрагментаў з інфармацыяй аб ураджэнцах рэгіёну - героях Савецкага Саюза, поўных кавалерах ордэна Славы. У іх ліку - Васіль Корж, Уладзімір Лабанок, Алена Мазанік, Марат Казей. На імправізаванай сцэне прайшоў канцэрт з удзелам марафонцаў і творчых калектываў Мінскай вобласці, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі оўпен-эйр «Кветкі Вялікай Перамогі»: «Прывал», «Палявая кухня», «Ваенны лагер», караоке «Песні ваенных гадоў». Пляцоўку «Музей у чамадане» прадставілі чатыры школьныя музеі Вялікай Айчыннай вайны Смалявіцкага раёна. Адбылося таксама паказальнае выступленне ваенных кінолагаў са службовымі сабакамі.

Чытаць 97 разоў

1