«Пявучае поле» у Мядзельскім раёне сабрала больш за 600 харавых выканаўцаў

Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва адбыўся 22-23 чэрвеня, сабраўшы на Мядзельшчыне 25 калектываў з розных рэгіёнаў краіны.

«Пявучае поле» праводзіцца ўжо 67 гадоў. За гэтыя гады з рэгіянальнага ён набыў статус спачатку абласнога, а з 2015-га — рэспубліканскага, збіраючы раз на два гады на адной сцэне акадэмічныя і народныя хоры.

Як адзначыла, адкрываючы фестываль, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталля Задзеркоўская, на Мядзельшчыне зноў сабраліся разам лепшыя калектывы і асобныя выканаўцы харавога мастацтва.

- Міншчына выгадавала цудоўны фестываль, які набыў свае непаўторныя традыцыі. Падтрымка ў правядзенні такіх мерапрыемстваў з боку Мінаблвыканкама і Мядзельскага райвыканкама яшчэ раз сведчыць аб жаданні узбагачаць беларускую культуру і захоўваць аматарскае творчасць і музычныя традыцыі харавых калектываў, — сказала Наталля Задзяркоўская.

У рэпертуары народнікаў — беларускія народныя песні, многія ў апрацоўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Сіроты і кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору ім. Цітовіча Міхаіла Дрынеўскага, які ўзначаліў журы фестывалю.

У акадэмістаў, у адрозненне ад народнікаў, рэпертуар складаней. Акцэнт зроблены на духоўную музыку. Выступаюць хоры акадэмічнай манеры выканання традыцыйна пад скляпеннямі касцёла - тут найлепшая акустыка і палётнасць гуку.

Сёлета фестываль аб'яднаў 25 калектываў. Большая палова - з Мінскай вобласці, многія калектывы аматарскія. У іх ліку народны хор «Любанія» Вілейскага палаца культуры і народны ансамбль песні і музыкі «Дзівакі» з Асіповіцкага раёна Магілёўскага вобласці. Дарэчы, у фестывалі яны ўдзельнічаюць упершыню.

- Канкурэнцыя годная, а Мядзел уражвае сваёй прыгажосцю — - адзначылі ўдзельнікі ансамбля.

Галоўны хормайстар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Нупрэйчык заўважыла, што ў наш час хоры пачынаюць зжываць сябе — патрэбна мабільнасць, новыя формы і інтэрпрэтацыі.

- Збіраючы харавыя калектывы на адной сцэне, мы спрабуем захаваць харавое мастацтва ў Беларусі і тым самым матываваць удзельнікаў. Асабіста для мяне ўсе калектывы - жамчужыны. Практычна кожны хор - аматарскі і аб'ядноўвае людзей, якія спяваюць не за грошы, а таму што не думаюць сябе без гэтага мастацтва. А ўдзел у фестывалі прадстаўнікоў іншых абласцей - гэта, з аднаго боку, свайго роду канкурэнцыя, а з другога, - вопыт і магчымасць абмену ідэямі.

Пераможцам фестывалю стаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Спадчына» ім. Іосіфа Сушко Палаца культуры Маладзечна. У ліку лаўрэатаў - прадстаўнікі Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Да дыплома прыкладаецца і каштоўны падарунак, які, па словах арганізатараў фестывалю, паспрыяе развіццю харавых калектываў.

Чытаць 89 разоў

1