Капыльскі каледж і Чунцынскі універсітэт дамовіліся аб супрацоўніцтве

У рамках візіту кітайскай дэлегацыі ў раён абодва бакі падпісалі пагадненне на ўмацаванне гуманітарнага і культурнага ўзаемадзеяння. Першым яго мерапрыемствам стане стварэнне культурнага цэнтра ў Капыльскім дзяржаўным каледжы.

Дэлегацыя Чунцын універсітэта «Тры цясніны» азнаёмілася са структурай Капыльскага каледжа і яго спецыфікай, адукацыйным працэсам, арганізацыяй пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў. Гасцям прадставілі некалькі пляцовак — «Бізнес-кампанія каледжа — старт для малога бізнэсу», «Рэалізацыя экалагічнага праекта навучэнцамі і педагогамі», выстава-дэгустацыя «Кухар — творца густу і водару», выстава вырабаў народнага і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Таксама прадстаўнікам кітайскай дэлегацыі прэзентавалі абсталяванне рэсурснага цэнтра вытворчага навучання па кваліфікацыі «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання», арганізавалі майстар-клас па зборцы электрычных ланцугоў, рэгуляванні газаразмеркавальнага механізму, падрыхтоўцы ворных агрэгатаў да працы. Захапленне гасцей выклікала і прадстаўленне тэатра мод.

Кітайская дэлегацыя выказала асаблівую зацікаўленасць да падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў для эканомікі нашай краіны. Абмеркаваўшы ўзаемныя сферы цікавасці, бакі дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве.

- Падчас афіцыйнай сустрэчы ўздымалася пытанне абмену ў сферы асветы і адукацыі - адзначыў дырэктар Капыльскага дзяржаўнага каледжа Анатоль Пяткевіч. - Была прапанаваная магчымасць абмену студэнтамі і выкладчыкамі, а таксама правядзенне інтэрнэт-канферэнцый, семінараў, інтэрактыўных пляцовак і іншых мерапрыемстваў з мэтай вывучэння сумеснага вопыту і культурнага развіцця. Дадзеная ініцыятыва была станоўча ацэненая як кітайскай, так і беларускім бакамі.

Прадстаўнікі распавялі аб сістэме адукацыі і магчымасцях атрымання прафесіі ў сваёй краіне. Акрамя таго, госці выказалі надзею на ўстанаўленне доўгатэрміновага плённага супрацоўніцтва і паглыбленне двухбаковых партнёрскіх сувязей паміж дзвюма ўстановамі адукацыі.

Дадаткова: «Тры цясніны» - найбуйнейшы універсітэт у Ваньчжоу, з'яўляецца нацыянальным агульнаадукацыйным цэнтрам Кітая. Ён арганізуе шматузроўневае шырокае міжнароднае супрацоўніцтва, настойвае на шляху развіцця інтэрнацыяналізацыі, вывучэння перадавой адукацыйнай канцэпцыі і вопыту іншых краін. Акрамя таго, ён ажыццяўляе шырокія абмены і сувязі з іншымі краінамі і рэгіёнамі, падтрымлівае цесныя сувязі з шэрагам дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Чытаць 101 разоў

1