«Сімвалы Беларусі» з'явіліся на галоўнай фан-зоне II Еўрапейскіх гульняў

Тысячы мінчан і гасцей сталіцы штодня наведваюць галоўную фан-зону II Еўрапейскіх гульняў ля Палаца спорту ў Мінску. Тут выступаюць лепшыя вакальныя і танцавальныя калектывы краіны, праходзяць танцавальныя шоу і віктарыны.

Сёння каля галоўнай сцяны адкрыўся павільён, у якім прадстаўлены праект Ірэны Гудзіеўскай «Сімвалы Беларусі». Хлеб, лён, старадаўнія замкі, балоты, лясы, буслы, сфатаграфаваныя ў ваколіцах радавога гнязда фотамастака на Стаўбцоўшчыне – галоўныя сімвалы Беларусі. Створана каля 100 работ на палотнах. Спецыяльна да праекта вядомы беларускі кампазітар Леанід Шырын (дарэчы, ён аўтар песні-адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў) напісаў музыку, пра кожны з 12 сімвалаў напісаны Лелей Багдановіч дзіцячыя казкі-легенды, яны запісаныя на радыё «Мінская хваля» і ўжо не раз гучалі ў эфіры. Іншыя падрабязнасці пра працу новага павільён распавяла галоўны спецыяліст Упраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк: «Мы ўсё робім для таго, каб паказаць нашу краіну як мага ярчэй – вось і гэтая экспазіцыя паказвае, якая выдатная Беларусь! І музей гісторыі Мінска выставіў тут рарытэты, каб паказаць нашы аўтэнтычныя рамёствы - ручнікі, посцілкі, іншыя тканыя і вышытыя вырабы. Гэта народная культура. А цудоўныя працы Ірэны Гудзіеўскай - васількі, буслы, лясы. Можа, менавіта гэтым наша краіна і запомніцца ўсім, хто прыехаў на гульні».

У павільёне працуе фота-зона, дзе можна прымерыць касцюм старажытнага рыцара, прадстаўлены кнігі пра беларускую сталіцу, тут жа можна атрымаць кансультацыю музейных работнікаў аб вартасцях і гістарычных месцах. Павільён будзе працаваць 26, 28, 30 чэрвеня.

Чытаць 83 разоў

1