Выпускнікі Акадэміі МУС атрымалі лейтэнанцкія пагоны

Сёння ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага флага прайшоў урачысты выпуск курсантаў Акадэміі МУС, дыпломы атрымаў 371 лейтэнант.

Прысутнічалі больш за тысячу гасцей - родных і блізкіх маладых праваахоўнікаў. З рук новага міністра МУС генерал-маёра міліцыі Юрыя Караева дыпломы з адзнакай і залатыя медалі атрымалі 11 выпускнікоў. Міністр адзначыў галоўнае: «Вамі дасягнуты першы этап у вашым жыцці, а наперадзе шмат цяжкасцяў і перамог. Галоўная аснова вашых поспехаў - пастаянна працаваць, працаваць над сабой, адстойваць справядлівасць заўсёды. Абавязак, гонар, адвага і мужнасць – гэта крытэрыі вашай працы. Але яны павінны спалучацца з высокай культурай, і хай ваша энергія і працавітасць дапамогуць вам».

Пасля адпачынку лейтэнанты працягнуць службу ў падраздзяленнях Міністэрства ўнутраных спраў, Следчым камітэце, Дзяржаўным памежным камітэце, Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрстве абароны. Начальнік УУС Мінскага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кавальчук сказаў Мінскай хвалі, што ў вобласці чакаюць папаўненне: «Усе супрацоўнікі запоўняць вакантныя пасады там, дзе яны ўжо праходзілі стажыроўку, і я ўпэўнены, што яны прынясуць карысць ужо з першых дзён сваёй службы».

Па традыцыі выпускнікі развіталіся са сцягам Акадэміі МУС і прайшлі ўрачыстым маршам. Начальнік Акадэміі МУС Сяргей Дарошка, дарэчы, распавёў, што ў Акадэміі працуюць над павелічэннем колькасці спецыяльных прадметаў па раскрыцці кіберзлачынстваў: «Працуем над тым, каб з'явілася больш прадметаў, якія б спрыялі раскрыццю злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Мы бачым, што злачыннасць сыходзіць у IT-сферы, і МУС рэагуе на гэта».

Чытаць 148 разоў

1