«Беларускі вакзал» гучаў сёння ў зале чакання

У зале чакання сталічнага чыгуначнага вакзала адбыўся канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.

Начальнік станцыі Мінск-Пасажырскі Віктар Нізохін распавёў Мінскай хвалі, што гэтыя музычныя сустрэчы на вакзале сталі выдатнай традыцыяй, і гэтым разам - гэта падарунак не толькі ветэранам і пасажырам, але і шматлікім заўзятарам Еўрапейскіх гульняў.

Як адзначыў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Віктар Бабарыкін, бясплатны святочны канцэрт быў прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў: «Гэта не першы наш такі вопыт, мы ўжо ігралі на вакзале, і зараз з радасцю паўтараем акцыю. Гэта, вядома, унікальны канцэрт - публіка не чакала нас пачуць, спявалі разам з Аляксеем Ісаевым мы віншуем усіх з надыходзячым святам і жадаем усім здароўя, шчасця і міру». Творы знакамітых кампазітараў і мелодыі песень ваенных гадоў гучалі прама ў зале чакання вакзала, дзе, акрамя шматлікай публікі і пасажыраў, прысутнічалі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і ветэраны чыгункі. «Беларускі вакзал», «Травеньскі вальс» «Цёмная ноч» і іншыя знакамітыя песні і мелодыі сталі, несумненна, вялікім падарункам для ўсіх прысутных напярэдадні памятных дат.

Чытаць 89 разоў

1