У рамках акцыі «Беларусь памятае» валанцёры прынялі ўдзел у велапрабегу ў в.Ксаверава

76 гадоў таму, 26 мая 1943 года, у вёсцы Ксаверава Мінскага раёна адбылася трагедыя. Уся вёска спала, калі пачуліся стрэлы. Аказалася, што вёска акружаная фашыстамі. Яны сталі страляць з кулямётаў па дамах. Гэта доўжылася да світання. Жыхароў вёскі сабралі каля дома Васіля Кароткага. Усіх падазраваных у сувязі з партызанамі заштурхалі ўнутр ... прагучала каманда «Падпальвай!» З вокнаў паказаўся агонь…

У той дзень загінула 23 чалавекі.

У 1945 годзе на брацкай магіле ў вёсцы Ксаверава ўсталявалі помнік. Жыхары Лугавасвабодскага сельсавета памятаюць аб гэтым дні, даглядаюць за брацкай магілай, ускладаюць кветкі.

Напярэдадні святкавання 75-гадовай гадавіны з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 20 чэрвеня 2019 года, навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Лугаваслабодская сярэдняя школа», члены БРСМ, РГА «Белая Русь» у рамках акцыі «Беларусь памятае» прынялі ўдзел у велапрабегу ў вёску Ксаверава.

Удзельнікі велапрабегу ўспомнілі трагічную гісторыю вёскі, ўшанавалі памяць нявінна загінулых жыхароў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка.

Ніякія словы не змогуць перадаць тых пачуццяў і эмоцый, якія перапаўнялі ў той момант! Кожны з удзельнікаў у гэты дзень здзейсніў свой маленькі подзвіг, подзвіг у імя тых, хто, не шкадуючы жыцця, доўгіх чатыры гады ішоў да Вялікай Перамогі!

Чытаць 93 разоў

1