У Мінскую вобласць прыбываюць госці

У Мінскую вобласць у рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прыбыла дэлегацыя Днепрапятроўскай вобласці (Украіна).

Кіраўнік дэлегацыі, старшыня Петрыкаўскага раённага Савета Наталля Каваленка распавяла Мінскай хвалі аб тым, што ў іх улада падтрымлівае захаванне традыцыйна знакамітага петрыкаўскага роспісу: «Гэтаму віду мастацтва сотні гадоў, у нас яе пачынаюць вывучаць з дзіцячага садка! Мы зараз падтрымліваем маладых мастакоў, ладзім пленэры і конкурсы, дапамагаем рэалізоўваць вырабы, выкананыя майстрамі. А я заўсёды хацела прыехаць у Беларусь і проста ўбачыць прыгажосць вашага краю».

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Хмель адзначыла: «Мне вельмі прыемна, што прыехалі нашы калегі на свята. А нам ёсць чым падзяліцца - у нас слаўная гісторыя, у нас выдатная рэчаіснасць, і вельмі прыемна, што прыехалі менавіта людзі культуры, мы падзелімся з украінцамі ўсімі нашымі напрацоўкамі. Пакажам наш каларыт, нашы помнікі, нашы мерапрыемствы».

У Мінскім аблвыканкаме ў рамках абмену вопытам і культурнымі традыцыямі прадстаўнікі Мінскай вобласці расказалі аб традыцыйнай культуры вобласці і нематэрыяльнай культурнай спадчыне. Праграмай мерапрыемстваў таксама прадугледжана наведванне шэрагу значных аб'ектаў Мінскай вобласці і рэспублікі. Дэлегацыя Днепрапятроўскай вобласці наведае мемарыяльны комплекс «Курган Славы» і ўскладзе кветкі. Запланавана экскурсія ў Музейны комплекс старажытных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», наведванне Вялікага тэатра оперы і балета і сустрэча з мастацкім кіраўніком Валянцінам Елізар'евым.

Таксама ва УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў», прадстаўнікі дэлегацыі Днепрапятроўскай вобласці правядуць майстар-класы для навучэнцаў школ мастацтваў Мінскай вобласці па петрыкаўскім роспісе і фальклору «Казацкія песні», якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Чытаць 132 разоў

1