Прэс-тур для журналістаў прайшоў на Міншчыне

Прадстаўнікі рэгіянальных СМІ Мінскай вобласці наведалі значныя аб'екты, прадпрыемствы-узоры высока выніковай вытворчасці і найпрыгажэйшыя месцы Стаўбцоўскага раёна: прэс-тур для журналістаў арганізаваў абласны выканаўчы камітэт.

Зрабіў уражанне на гасцей высокі ўзровень арганізацыі вольнага часу з карысцю для здароўя і спартыўнай падрыхтоўкі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Стоўбцах. Як распавёў дырэктар установы Раман Кузняцоў, 25-метровы басейн на 5 дарожак запатрабаваны ў насельніцтва. Карыстаюцца попытам зала фітнесу, адзінаборстваў, настольнага тэніса, трэнажорная, більярдная. За 2018/2019 навучальны год у ДЮСШ падрыхтавана 6 спартсменаў-першаразраднікоў і 150 спартсменаў масавых разрадаў, трое залічаны ў вышэйстаячыя арганізацыі, яшчэ 6 праходзяць зараз падрыхтоўчы этап для залічэння.

Наведалі журналісты і высокатэхналагічную вытворчасць па перапрацоўцы бульбы ў шматкі ТАА «Сула плюс». Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне, ідзе падрыхтоўка да запуску вытворчасці. Ужо створана 53 працоўныя месцы, а пасля ўводу аб'екта ў эксплуатацыю колькасць работнікаў павялічыцца да 105.

Гатовую прадукцыю плануюць адгружаць на экспарт у краіны блізкага і далёкага замежжа. Сума інвестыцый у будаўніцтва прадпрыемства склала больш за 21 000 000 беларускіх рублёў.

Журналісты азнаёміліся з працай СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», якое на працягу 9 гадоў застаецца вядучым прадпрыемствам Беларусі ў галіне прамысловага холаду. Яно было заснавана ў 2010 годзе па беларуска-літоўскім праекце. На прадпрыемстве паспяхова вядуцца распрацоўка і выраб халадзільнага абсталявання для аб'ектаў гандлю рознага фармату: нізкатэмпературныя маразільныя і халадзільныя вітрыны, халадзільныя стэлажы, вітрыны і т. п.

Сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, укаранёныя на вытворчасці, дазваляюць выпускаць энергазберагальную прадукцыю, якая карыстаецца высокім попытам у Беларусі, а таксама экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Чэхію.

Зачаравальнае гучанне аргана ... Так сустрэла удзельнікаў прэс-тура Рымска-каталіцкая парафія Святога Язэпа ў аграгарадку Рубяжэвічы. Касцёл занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён пабудаваны ў 1907-1911 гг. у характэрным для таго часу стылі. Ідэю будаўніцтва падаў Антоній Тур, але дазвол ад цара на ўвасабленне сваёй ідэі ў жыццё ён не атрымаў. Тады Антоній прынёс з поля самы вялікі камень, напісаў на ім, што тут будзе пабудаваны касцёл Рымска-каталіцкай веры, і паклаў на пясчаным узгорку. Участак пад будаўніцтва ў 6 дзесяцін ахвяравалі сяляне Рубяжэвіцкай воласці, затым пачаўся збор сродкаў і яго будаўніцтва. Узводзілі касцёл з абчасанага каменя.

Сёння сваёй веліччу ён прыцягвае турыстаў. У 2006 годзе касцёл адсвяткаваў сваё 100-годдзе. Да гэтай знамянальнай даты побач з храмам створаны ансамбль камянёў. 46 устаноўленых камянёў сімвалізуюць 46 вёсак парафіі, на кожным камені высечана назва вёскі.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключаны сядзібныя пабудовы комплексу ў вёсцы Сула. Унікальнасць гэтага месца таксама ацанілі журналісты Міншчыны.

Госці пагрузіліся ў шляхецкую культуру 18-19 стагоддзяў з яе тэатральнымі і музычнымі традыцыямі, наведалі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула», які працуе ў рэжыме таймлайн.

Чытаць 40 разоў

1