Павіншавалі адразу два экіпажы, якія намалацілі па першай тысячы тон збожжа ў Клецкім раёне

У палях ААТ «Кухчыцы» і КСУП «Племянны завод «Чырвоная Зорка» Клецкага раёна 17 ліпеня ўшаноўвалі два экіпажы, якія першымі на Міншчыне намалацілі па тысячы тон збожжа і рапсу.

Зусім ненадоўга змоўк гул камбайнаў. Трактарыстам-машыністам ААТ «Кухчыцы» Сяргею Касцюкевічу і Аляксандру Бураку ўручылі падзячныя лісты, падарункі і грашовыя ўзнагароды старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі і старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бада.

Таксама з першай тысячай намалоту яны павіншавалі і трактарыста-машыніста Пятра Макрэцкага, памочніка камбайнера Аляксандра Дзямідчыка КСУП «Племянны завод «Чырвоная Зорка».

Віншуючы перадавікоў, старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі адзначыў:

«Мы разам. І гэта не проста словы, бо мы разам актыўна рыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, ствараліся неабходныя ўмовы, каб яна прайшла паспяхова. Арганізаваная праца штаба: спецыялісты, прадстаўнікі прафсаюзнага аб'яднання разам з сацыяльнымі партнёрамі аб'язджалі і глядзелі, як ідзе падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай, трымалі на кантролі арганізацыю харчавання. Хачу адзначыць, што заўвагі, вынесеныя нашымі інспектарамі, ліквідаваліся хутка. Людзі зладжана і выразна працуюць на вынік».

Камбайнеры-перадавікі ў гутарцы з журналістамі прызналіся, што для дасягнення такіх высокіх вынікаў ім дастаткова было проста добра працаваць, ды каб тэхніка не падвяла.

Першы намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Мікалай Лешык распавёў аб ходзе ўборачнай кампаніі:

«У Клецкім раёне больш чым на 500 гектарах плошчаў быў пасеяны азімы ячмень, гэта дало магчымасць пачаць уборачную крыху раней, чым звычайна. Азімы ячмень ужо прыбраны, і гаспадаркі прыступілі да ўборкі іншых азімых культур: пшаніцы, трыцікале.

У апошнія дні асноўная ўвага была ўдзелена рапсу, бо гэта культура, тэрмін уборкі якой нельга ўпусціць, каб не страціць ураджай. На раніцу 17 ліпеня рапсу прыбрана на 93% ад усёй плошчы, ураджайнасць складае больш за 30 цэнтнераў з гектара па раёне, а асобныя сельгасарганізацыі дасягнулі ўраджайнасці 55 цэнтнераў з гектара. Намалочана 11 тысяч тон масласямян рапсу, чакаем у межах 500 тон за дзень. Збожжавых каласавых ў цэлым на раніцу 17 ліпеня было прыбрана з 1797 гектараў, намалочана больш за 8 700 тон збожжа. Праца працягваецца, прыбіраем збожжавыя коласавыя, рапс. Паралельна вядзем уборку саломы, стараемся правесці гэты працэс аператыўна, каб заняцца падрыхтоўкай зямель пад сяўбу азімых збожжавых. Гатоўнасць камбайнавага парку складае 100%, Усе 77 камбайнаў спраўныя і ўдзельнічаюць ва ўборцы, зернесушыльная гаспадарка таксама ў поўнай гатоўнасці. Раён поўнасцю ўкамплектаваны кадрамі, прыцягнута 17 чалавек з прадпрыемстваў Клецкага раёна для аказання дапамогі ў уборачнай».

У ААТ «Кухчицы» уборачная кампанія ў гэтым годзе стартавала даволі рана. 25 чэрвеня ўжо пачалі прыбіраць азімыя збожжавыя, на дадзены момант 22% ужо прыбрана з 444 гектараў зямлі, сярэдняя ўраджайнасць склала 69,9 цэнтнера з гектара.

«У гэтым годзе мы зрабілі стаўку на азімы ячмень і атрымалі ўраджайнасць больш за 76 цэнтнераў з гектара, - распавёў Сяргей Здрок, дырэктар ААТ «Кухчыцы», - добра спрацавалі і па рапсе, ужо перавысілі ўзровень мінулага года. Мы вытрымалі ўсю патрэбную тэхналогію і атрымалі адпаведны вынік».

Таксама кіраўнік прадпрыемства не без гонару расказаў і аб работніках-перадавіках. Да прыкладу, ён адзначыў, што Сяргей Касцюкевіч першым намалаціў тысячу тон збожжа і летась, а таксама яго неаднаразова ўшаноўвалі на Дажынках.

«Я ганаруся такімі работнікам, з такімі ніякая праца не страшная», - сказаў Сяргей Здрок.

Удзячны людзям за працу і адказнае стаўленне да сваёй справы і дырэктар КСУП «Племянны завод «Чырвоная Зорка» Аляксандр Кароль. Журналістам ён таксама распавёў пра ўборачную:

«Плошча рапсу ў гэтым годзе складае 550 гектараў, гэта такі ж узровень, як і ў мінулым годзе, аднак у гэтым годзе мы плануем атрымаць ўраджайнасць 40 цэнтнераў з гектара, а ў мінулым годзе гэта было 28. Ужо ўбраны азімы ячмень, ураджайнасць нядрэнная. Летась яна была 56 цэнтнераў з гектара, а сёлета - 72,9. Ураджай гэтага года плануецца нядрэнны па параўнанні з мінулым. Уборачная плошча збожжа ў гэтым годзе – 3 тысячы гектараў. Плануем атрымаць збожжа не менш за 55 цэнтнераў з гектара, гэта значыць, што валавы збор складзе каля 15 тысяч тон, што дазволіць забяспечыць 100-працэнтную забяспечанасць жывёлы канцэнтраванымі кармамі».

Чытаць 96 разоў

1