Мінская вобласць падпіша пагадненне аб супрацоўніцтве з Татарстанам

У рамках VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу, старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнага Савета Рэспублікі Татарстан Фарыдам Мухаметшыным.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што форум з'яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для дыялогу, дазваляе народам Расіі і Беларусі крытычна ацаніць дасягнутае і разгледзець перспектывы далейшай інтэграцыі. Таксама кіраўнік цэнтральнага рэгіёна расказаў аб эканамічным, інвестыцыйным патэнцыяле Мінскай вобласці.

- Я ўпэўнены, што мы маем рэзервы ў міжкультурнай і духоўнай прасторы, якія нам неабходна задзейнічаць – - сказаў Анатоль Ісачанка. - Для далейшага павелічэння тавараабароту паміж нашымі краінамі патрэбныя новыя кантакты і сустрэчы, якія дазволяць больш даведацца аб нашых узаемных магчымасцях

Па словах старшыні Дзяржсавета Рэспублікі Татарстан, Беларусь традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Татарстана. Тавараабарот у апошнія гады перавышае 1 мільярд долараў ЗША.

Бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння рэгіёнаў дзвюх краін, а ў верасні гэтага года ў рамках візіту Прэзідэнта Рэспублікі Татарстан у Беларусь будзе падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарна-культурным супрацоўніцтве.

– Цяпер трэба думаць аб больш глыбокай інтэграцыі ў частцы стварэння сумесных вытворчасцей, прадпрыемстваў як у Мінскай вобласці, так і ў Татарстане, і каб гэта ў меншай ступені залежала ад знешняй кан'юнктуры, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая выступіла з прапановай у рамках наступнага Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі падпісаць міжпарламенцкае пагадненне. Фарыд Мухаметшын падтрымаў ініцыятыву і выказаў гатоўнасць да ўмацавання парламенцкіх сувязяў з беларускімі калегамі.

Акрамя таго, у рамках форуму адбылася сустрэча з кіраўніком Адміністрацыі Калінінскага раёна горада Санкт-Пецярбурга Васілём Панідзелкай. Бакі распавялі пра патэнцыял сваіх рэгіёнаў, а таксама выказалі неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы. Анатоль Ісачанка запрасіў дэлегацыю Санкт-Пецярбурга прыняць удзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі», які адбудзецца ў Барысаве.

Чытаць 88 разоў

1