Ігар Макар: «Разбяруцца з выездам на месца»

Першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Ігар Макар прымаў званкі жыхароў цэнтральнага рэгіёна на прамой тэлефоннай лініі ў суботу.

Пасля шматлікіх званкоў Ігар Мікалаевіч звязваўся з кіраўніцтвам раёнаў, каб там тэрмінова паўплывалі на сітуацыю, разабраліся з выездам на месцы.

Так было пасля двух званкоў з садовага таварыства «Электрон», дзе людзі перажываюць з нагоды стогадовых дубоў, якія могуць спілаваць; у Капыльскім раёне няма ўвагі да памяці спаленай у вайну вёскі, на думку Віктара Віктаравіча; жыхар Чачына Дзяржынскага раёна скардзіцца, што не можа ўзаконіць летнюю кухню з падвалам; у Барысаве Леакадыя Сяргееўна мучыцца з няправільна ўсталяванай 30 гадоў таму каналізацыяй у яе доме; вёска Шыманаў Кут у Пухавіцкім раёне зарастае, па словах Івана Сцяпанавіча.

Званкі былі і такія, дзе трэба разбірацца юрыстам - складаная сітуацыя з жыллём у прапісанай у Бараўлянах шматдзетнай матулі Святланы Анатольеўны; праблема з жыллём і ў інваліда 2 групы Алены Анатольеўны з Дзяржынска; Уладзіміру Аляксандравічу ў Плешчаніцах ніхто выразна не патлумачыў, чаму вырасла аплата за асвятленне пад'езда; у Рыгора Аляксеевіча з Салігорска незразумелая сітуацыя з пенсіяй.

Званкоў было шмат, усе яны будуць сістэматызаваны, разгледжаны профільнымі спецыялістамі, і на іх грамадзяне абавязкова атрымаюць пісьмовыя адказы на працягу месяца. Нагадаю - усе званкі грамадзян фіксуюцца работнікамі аблвыканкама і журналістамі, апоўдні ў субботу рэпартаж аб прамой тэлефоннай лініі гучаў у эфіры «МІНСКАЙ ХВАЛІ», вялікі матэрыял аб прамой тэлефоннай лініі размяшчае «МІНСКАЯ ПРАЎДА».

Чытаць 36 разоў

1