На базе АК «Ждановічы» прайшло пасяджэнне сельскагаспадарчай секцыі I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана

Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана адкрыўся сёння ў Мінску. Праграмай форуму прадугледжаны тры секцыі: па пытаннях прамысловай кааперацыі, аграпрамысловага комплексу, а таксама ўзаемадзеяння ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах. Удзельнікі аграрнай секцыі пабывалі ў агракамбінаце «Ждановічы», пазней адбылося пленарнае пасяджэнне ў аграгарадку Сеніца, дзе госці азнаёміліся з выставай-кірмашом прадукцыі агракамбіната. Асаблівую цікавасць прыцягнула адзіная ў Беларусі чмяліная ферма, дзе вырошчваюць чмялёў, выкарыстоўваюць іх для апылення цяплічных прадпрыемстваў рэспублікі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Аляксей Багданаў адзначыў у інтэрв'ю Мінскай хвалі, што працуе Беларусь з Узбекістанам вельмі добра: «Кандытарскія вырабы карыстаюцца попытам, пастаўляем мяса, малако, буйную рагатую жывёлу, цукар, адкрылі ўжо краму ў Ташкенце. Ад форуму чакаем развіцця сумесных праектаў, адукацыі, ветэрынарыі. Форум актуалізуе нашы кантакты. Мы ж і шмат купляем - сухафрукты, арэхі, цытрусавыя. Вось ёсць вельмі цікавы праект - «Здравушка-мілк» барысаўскі будзе будаваць комплекс пад Ташкентам, паставім туды жывёлу беларускую, перапрацоўку з беларускім абсталяваннем, і будуць сумесна працаваць».

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, дзелавыя колы дзвюх краін. Дэлегацыю Узбекістана ўзначаліў старшыня камітэта Сената Алішэр Курманов, прадстаўлены Андзіжанская, Бухарская, Джізакская, Наманганская, Самаркандзкая, Харэзмская, Ферганская і Ташкенцкая вобласці. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Анатоль Хацько і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Узбекістан Саідкамол Хаджаеў.

Чытаць 111 разоў

1