На пасадзе старшыні Валожынскага райвыканкама зацверджаны Яўген Круковіч

Кандыдатура Яўгена Круковіча была сёння аднагалосна зацверджана на пасадзе старшыні Валожынскага раённага выканаўчага камітэта на 20-ай пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Адпаведнае пасведчанне яму ўручыў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка: "Пры падборы чалавека на пасаду старшыні райвыканкама мы спыніліся на кандыдатуры Яўгена Круковіча, чалавека мэтанакіраванага, гэта чалавек, які мае пэўны жыццёвы вопыт, прайшоў добрую школу, дзве вышэйшыя адукацыі. Упэўнены, што гэта правільнае рашэнне, і думаю, што ён надасць раёну новую дынаміку. Задачы - павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, гэта штодзённая карпатлівая праца. І трэба прыцягваць больш інвестыцый, звярнуць увагу на сацыяльную сферу". Таксама неабходна прыняць дадатковыя меры па выхадзе ўсіх прадпрыемстваў раёна на бясстратную працу. Па словах губернатара, па ўзроўні налічанай сярэднямесячнай зарплаты Валожынскі раён займае перадапошняе месца ў вобласці: у першым паўгоддзі яна склала Br761 супраць Br1043 па вобласці. Таксама губернатар адзначыў заслугі ранейшага старшыні Мікалая Астрэйкі: "Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што за час знаходжання на пасадзе дасягнуты хай і нешматлікія, але станоўчыя вынікі – пад яго кіраўніцтвам уведзены ў строй даўгабуд, ФАК, ссунута з мёртвай кропкі праблема гарачага водазабеспячэння. На жаль, ён не змог стварыць каманду аднадумцаў, а адзін у полі не воін. Як вынік - не выконваецца большасць асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў".

Яўген Круковіч падкрэсліў, што ўжо пачаў знаёміцца з раёнам: "Раён для мяне новы, часу на разварушванне няма - Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя задачы, трэба іх вырашаць у самыя кароткія тэрміны, якасна і без страт правесці ўборачную кампанію і закласці новы ўраджай, даручана паглядзець на праблемы грамадзян і дастукацца да кожнага. Што залежыць ад нас - будзем папраўляць".

Чытаць 100 разоў

1