Установы аховы здароўя Мінскай вобласці атрымалі ў дар карціны з Кітая

У Мінскую вобласць у падарунак ад Пасольства Рэспублікі Беларусь КНР даслана 5 карцін кітайскіх аўтараў.

У цырымоніі ўручэння прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Зіновій Гозман, галоўныя ўрачы абласной і абласной дзіцячай клінічных бальніц Аляксандр Лінкевіч і Дзмітрый Зайцаў. Кірыл Руды растлумачыў, што за гады ў пасольстве сабралася шмат высокамастацкіх жывапісных твораў, цэлая калекцыя, і было прынята рашэнне перадаць іх у дар установам аховы здароўя менавіта Мінскай вобласці, як найбольш актыўна развіваючай адносіны з брацкім Кітаем: "Для нас вялікі гонар перадаць карціны ў Беларусь - гэта і год малой Радзімы, і тут ёсць цэнтр кітайскай медыцыны, і спадзяемся, што гэтыя карціны будуць паскараць выздараўленне. Ды гэта і мая малая Радзіма - Бараўляны, і тым больш прыемна зрабіць такі падарунак".

Загадчыца аддзялення рэабілітацыі УАЗ "Мінская абласная клінічная бальніца" Таццяна Мурзіна адзначыла ў інтэрв'ю Мінскай хвалі, што тут ужо паўтара года дзейнічае цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны: "Пралечана ўжо каля трох тысяч пацыентаў, гэта лячэнне для нашых пацыентаў бясплатна, два ўрачы-рэфлексатэрапеўты і дзве медсёстры працуе, і мы яшчэ лечым нашымі традыцыйнымі метадамі. У асноўным гэта хваробы сустаўныя, касцёва-цягліцавыя, лячэнне залежнасцяў, і гэтыя віды лячэння карыстаюцца попытам у насельніцтва".

У Абласной бальніцы застанецца дзве карціны, дзве пераедзе ў дзіцячы хоспіс, і адна - у дзіцячую клінічную бальніцу, Дзмітрый Зайцаў распавёў, што там таксама пачынаецца развіццё традыцыйнай кітайскай медыцыны, ужо абсталяваны кабінет.

Чытаць 102 разоў

1