Маладзёжны фестываль актыву Мінскай абласной арганізацыі БРСМ «Васільковы вянок-2019» адбудзецца ў Чэрвеньскім раёне

З 16 па 18 жніўня 2019 года ў Чэрвеньскім раёне пройдзе маладзёжны фестываль актыву Мінскай абласной арганізацыі БРСМ «Васільковы вянок-2019». (Чэрвеньскі раён, в.Іванічы, «Чацвёртая прыстань»).

Каля 500 маладых людзей Цэнтральнага рэгіёна збяруцца ў Чэрвеньскім раёне на маштабны фестываль-турслет.

У займальных спартыўных спаборніцтвах па валейболе, міні чэмпіянату па рускім жыме, перацягванні каната, падняцці гіры, а таксама ў паласе перашкод «Ігуменскі шлях» - прымуць удзел 23 каманды, сфарміраваныя з ліку Саюзнай моладзі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёнаў Мінскай вобласці.

Праявіць свае таленты і крэатыў удзельнікі фестывалю змогуць у творчым конкурсе візітных картак «У родным краі, як у раі» - дарэчы, так гучыць і галоўная тэма фестывалю.

У крэатыўным конкурсе бівуакаў «Мой родны кут» - кожнай камандзе прыйдзецца не толькі аформіць і добраўпарадкаваць месца пражывання, прэзентаваць адзіную камандную форму, але і прыгатаваць у паходных умовах страву.

У рамках турзлёту будуць прэзентаваны новыя конкурсы: паказ фестывальнай моды «Мая васільковая сукенка» і паэтычна-літаратурны конкурс «Васільковы двубой».

Па-за конкурснай праграмы арганізатары фестывалю прапануюць удзельнікам з карысцю правесці час і захаваць на здымках самыя яркія падзеі і моманты (конкурс фотаработ «Актыў у фокусе»). Лепшыя фотаработы плануецца размясціць на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе Мінскай абласной арганізацыі БРСМ «Моладзь Міншчыны». Аўтару лепшага фота гарантаваны прыз ад арганізатараў.

Моладзевы фестываль «Васільковы вянок» праводзіцца з мэтай прыцягнення моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, папулярызацыі традыцый маладзёжнага руху.

Васілёк па праве з'яўляецца адным з сімвалаў Беларусі, які ўвасабляе сіняе беларускае неба і возера. Васілёк з'яўляецца сімвалам вернасці, чысціні. Беларускі народ, як і гэта яркая палявая кветка, такі ж сціплы, добразычлівы, гасцінны.

Вянок, як сімвал жыццёвай сілы, сімвал перамогі і радасці, славы і гонару ўвасабляе згуртаванне і яднанне беларусаў.

Як кветкі васілька пераплятаюцца ў вянку, злучаючыся ў моцны круг, так і маладыя людзі, яркія, таленавітыя, моцныя і смелыя пераплятаюцца ў адзіны саюз - Саюз моладзі.

Моладзь Міншчыны запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у абласным фестывалі «Васільковы вянок - 2019» і стаць часткай маштабнай маладзёжнай падзеі!

Чытаць 6 разоў

1