Прамую тэлефонную лінію правёў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч

З просьбамі і пытаннямі звярнуліся жыхары Мінскай вобласці на прамую тэлефонную лінію, якую правёў 17 жніўня намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч.

20-08-201-9-3v

Жыхар аграгарадка Калодзішчы цікавіўся будаўніцтвам дзіцячага садка ў раёне палігона.

«Гэтае пытанне вострае і важнае для Мінскага раёна, - адказаў Іван Маркевіч, - на дадзены момант у раёне неабходна пабудаваць 16 дзіцячых садкоў». А ў Калодзішчах увод дзіцячага сада запланаваны на 2020 год, а таксама разглядаецца комплексны план забудовы, у які ўключаны яшчэ адзін дзіцячы сад, а таксама школа.

Яшчэ адзін званок паступіў ад жыхара Калодзішчаў з просьбай заасфальтаваць вуліцу Магілёўскую. У аграгарадку ідзе добраўпарадкаванне дарог, людзі бачаць гэта, і вядома, кожны жадае, каб камфорт прыйшоў і да яго дома.

Жыхар вёскі Бярозавая гара Смалявіцкага раёна распавёў аб нездавальняючым стане дарогі, якая вядзе да вёскі. Як высветлілася, старшыня сельсавета Марына Гнетчык нядаўна сустракалася з мясцовым насельніцтвам і ведае праблему. Невялікая частка дарогі падсыпана друзам, астатнюю – будуць грайдзіраваць.

У аграгарадку Ілля Вілейскага раёна, па словах заяўніка, толькі адзін аўтобусны прыпынак, хаця працягласць населенага пункта складае 6 кіламетраў. Алена Чабатар, старшыня раённага Савета дэпутатаў патлумачыла, што ў тым месцы, дзе людзі хочуць, немагчыма арганізаваць аўтобусны прыпынак. Іван Маркевіч даручыў вывучыць гэту праблему, знайсці аптымальны варыянт яе рашэння. «Гэта пытанне не складанае, - адзначыў Іван Станіслававіч, - і яго неабходна вырашыць».

Таксама вырашыцца праблема жыхаркі Дзяржынска: у хуткім часе ў мясцовую аптэку паступяць лекі, неабходнае яе дзіцяці-інваліду.

Жыхары Міншчыны таксама звярталіся з просьбамі вырашыць пытанні па аплаце паслуг ЖКГ у дачным доме, выканання рамонту ў пакоях інтэрната, адсутнасці гарачай вады на верхніх паверхах жылога дома. Спрабавалі ўрэгуляваць і свае сямейныя канфлікты.

«Сённяшняя прамая лінія яшчэ раз пераканала, што гэтая форма работы дае свой эфект, - адзначыў у інтэрв'ю «Мінскай хвалі» намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. - Кіраўнікі мясцовых органаў улады, старшыні Саветаў дэпутатаў павінны пытанні грамадзян вывучаць, бачыць, дапамагаць людзям іх вырашаць. Гэта такія праблемы, як грэйдзіраванне дарог, ліквідацыя старых дрэў на могілках, падтапленне дома і падобныя. Галоўная задача органаў мясцовай улады - гэта быць у курсе праблем, якія ўзнікаюць у грамадзян і якія неабходна сумесна з імі вырашаць. Сёння дадзены шэраг даручэнняў старшыням райвыканкамаў, іх намеснікам, старшыням райсаветаў, каб хутка адрэагавалі і вырашылі тыя пытанні, якія ўзнікаюць у рэгіёнах, дапамаглі людзям, каб яны адчувалі, што ўлада праяўляе клопат і будзе выконваць абавязкі, якія на яе ўскладзены».

Чытаць 46 разоў

1