Першы званок прагучаў у школах. Губернатар вобласці Анатоль Ісачанка пабываў у СШ № 14 г. Маладзечна

Новы навучальны год стартаваў ва ўстановах адукацыі. Урачыстыя лінейкі, першаклашкі, сур'ёзныя 11-класнікі, сустрэчы настаўнікаў і дзяцей.

Гэтыя кранальныя моманты раздзяліў і губернатар вобласці Анатоль Ісачанка. Ён наведаў СШ № 14 г. Маладзечна. Анатоль Ісачанка павіншаваў усіх з новым навучальным годам.

«Сябры! Веды - самае вялікае багацце, якое можа быць у чалавека. У нашай краіне яно даступна кожнаму. Набывайце яго і памнажайце. Моцнага Вам здароўя, працавітасці і поспехаў на шырокім шляху асветы!»

У падарунак СШ № 14 атрымала сертыфікат на набыццё камп'ютарнага класа, кнігі і мячы. Таксама старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта пабываў на першым уроку ў 1 «Д» і ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручыў дзецям падарункі – кнігі «Беларусь – наша Радзіма». Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу прыняліся іх разглядаць. Таня, вучаніца 1 «Д» пазней, у размове з журналістам «Мінскай хвалі», распавяла, што ў школу прыйшла з задавальненнем, ёй вельмі спадабаўся падарунак ад Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. А яшчэ Тані вельмі па душы прыйшлася яе першая настаўніца.

У нашых школьнікаў вялікія магчымасці для развіцця. У гэтым яшчэ раз пераканаліся на прыкладзе сярэдняй школы № 14 г. Маладзечна. Нікога не маглі пакінуць абыякавымі работы вучняў: карціны з пап'е-машэ, працы, выкананыя ў стылі сцімпанк, дэкаратыўныя лялькі.

Як распавяла дырэктар школы Каліна Капуцкая, у гэтым годзе ва ўстанове адукацыі адкрыўся рэсурсы цэнтр па шахматах, у якім два выкладчыка будуць навучаць хлопчыкаў і дзяўчынак гэтай гульні, якая развівае мысленне. Таксама больш за 200 дзяцей змогуць вывучаць кітайскую мову. Спецыяльны факультатыў будзе весці носьбіт кітайскага, які выкладае ў школах Міншчыны ўжо другі год.

Губернатар вобласці адзначыў, што ў сучасных умовах, створаных у нашых установах адукацыі, у кожнага ёсць магчымасць выбраць свой кірунак для заняткаў, выбраць, кім ён стане ў будучыні, аднак мы павінны выхаваць у першую чаргу чалавека, які будзе любіць сваю Радзіму.

Нібы ў пацверджанне слоў губернатара, Кірыл Руды, вучань 11 «У» класа, кандыдат у майстры спорту, прызёр рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў па плаванні падзяліўся сваімі планамі на будучыню. Хлопец сказаў, што марыць паступіць у ВНУ, стаць трэнерам і вярнуцца ў родную школу, каб навучыць хлопцаў таму, што ён сам умее.

Чытаць 72 разоў

1