«Мы адказваем па законе» - Анатоль Ісачанка выслухаў звароты жыхароў Нясвіжскага раёна

Сёння, 4 верасня, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў выязны прыём грамадзян у Нясвіжы.

Такая форма працы з насельніцтвам ужо даўно стала традыцыйнай і даволі папулярная ў жыхароў рэгіёну. У гэты раз да губернатара запісаліся 10 чалавек, але прыйшлі не ўсе: у выніку Анатоль Міхайлавіч разглядаў 9 зваротаў, якія датычацца землекарыстання, газіфікацыі жылых дамоў, няякасна выкананага рамонту, пераносу лініі электраперадачы з тэрыторыі ўчастка, якасці вады і многія іншыя.

Больш падрабязна спынімся на наступным звароце. Да губернатара прыйшоў жыхар вёскі Затур'я і прынёс з сабой шкляны слоік з вадой, які па колеры нагадвае дробны пляжны пясок. Аказалася, што, паводле яго слоў, гэтую ваду ён набраў дома з-пад крана, перад тым як прыйсці ў райвыканкам. Галоўны санітарны ўрач Нясвіжскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Шыманская паведаміла губернатару, што праблема з якасцю вады ў раёне сапраўды існуе - назіраецца перавышэнне па ўтрыманні жалеза, і ў некаторых месцах нават у тры разы. Але такая вада, якую прынёс з сабой Аляксандр Міхайлавіч, можа знаходзіцца ў трубах толькі пасля якіх-небудзь аварый на воданапорных станцыях. Аднак пры такіх здарэннях, ваду неабходна зліваць на працягу 15 хвілін, а толькі потым глядзець на яе якасць. Між тым, старшыня Менаблвыканкама Анатоль Ісачанка паабяцаў, што праблему няякаснай вады ў Цэнтральным рэгіёне паступова вырашаць: «Ёсць праграма «Чыстая вада», і сёлета запланавана будаўніцтва 40 станцый абезжалезвання. Але людзі ідуць на прыём, і хочуць, каб, у першую чаргу, пабудавалі ў яго. Аднак ёсць бюджэтнае фінансаванне, праграма, і мы ў рамках гэтай праграмы працуем. Па меры магчымасці, мы, вядома ж, стараемся дапамагчы людзям. І ў дадзеным выпадку мы таксама пастараемся дапамагчы і зрабіць, каб у людзей была якасная пітная вада».

Былі на прыёме і такія заяўнікі, якія прыходзяць на прыёмы ўжо не першы раз. Да прыкладу, па некаторых пытаннях ужо звярталіся два месяцы таму да памочніка Прэзідэнта - інспектару па Мінскай вобласці Ігару Яўсееву. Гэта значыць, што ўлада не выконвае свае абяцанні? Сітуацыю пракаментаваў Анатоль Ісачанка: «Не кожнага чалавека задавальняе той адказ, які мы яму даем. Пад словам «мы» я разумею ўлада, таго, хто вядзе прыём. Чалавек спрабуе ўсё роўна даказаць сваю правату, але ёсць закон, і мы адказваем па законе, падабаецца гэта чалавеку ці не. Па-іншаму проста паступаць нельга. Калі мы адзін раз пераступім закон - пачнуцца праблемы іншага характару. А чалавек мае права звяртацца, мы абавязаны яго выслухаць і прыняць рашэнне. Пытанне ўжо іншым – падабаецца гэта яму ці не».

У прыклад губернатар прывёў мужчыну, якога хвалюе праблема вывазу смецця. Ён заключыў дагавор, згодна з якім раз у тыдзень прыязджае машына і забірае назапашаныя адходы. Аднак так атрымалася, што да дома пенсіянера грузавік не даязджаў цэлых два гады і таму мужчына не плаціў за вываз смецця. Між тым, дамова заключаная - і за два гады «накапала» на 60 рублёў. Васіль Пятровіч напісаў скаргу на Нясвіжскі ЖКГ, два разы падаваў судовы пазоў на арганізацыю (раённы і абласны суд), але беспаспяхова. Яму адказалі: «Вы павінны заплаціць і мы будзем вывозіць смецце. А за смецце ён не плаціць». Цяпер пенсіянер звярнуўся ў Вярхоўны суд.

Анатоль Ісачанка звярнуў увагу, што частка пытанняў магла вырашацца і на мясцовым узроўні. Але ён таксама падкрэсліў, што любы чалавек мае права быць пачутым і задаць хвалюючае яго пытанне: «Чалавек звяртаецца, калі прыязджае вышэйстаячая інстанцыя. Ён усё роўна звяртаецца ў надзеі, што нешта хутчэй вырашыцца і больш кардынальна і правільна на яго погляд. Але, я думаю, мясцовым уладам усё-такі трэба больш надаваць увагі вырашэнню дробных пытанняў».

І на гэтую сітуацыю Анатоль Ісачанка прывёў прыклад: на прыём прыйшла жанчына, якая скардзіцца на ўладальнікаў суседняй кватэры. Справа ў тым, што гаспадары ў ёй не жывуць, а жылое памяшканне здаюць у арэнду на суткі. Таццяну Іванаўну не задавальняе пастаянны шум, які даносіцца з знятай кватэры, і ёй даводзіцца звяртацца ў праваахоўныя органы.

Нагадаем, што на ўсе пытанні на працягу месяца кожнаму, хто звярнуўся, паступіць пісьмовы адказ з тлумачэннем яго сітуацыі.

Чытаць 102 разоў

1