Мінская вобласць працягвае супрацоўніцтва з Егіптам

Мінская вобласць і Паўднёвы Сінай Арабскай Рэспублікі Егіпет прапрацоўваюць праграму сумесных дзеянняў па рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні паміж бакамі на 2019-2022 гады.

Сёння на сустрэчы некаторыя з пунктаў абмеркавалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук з саветнікам губернатара Паўднёвага Сіная Валідам Эль Себаі.

Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Рагашчук, егіпецкі бок зацікавіў кірунак турызму ў Мінскай вобласці, багацце нашых лясоў. Асаблівая ўвага ў сферы паляўнічага турызму. Таксама Паўднёвы Сінай цікавяць нашы санаторыі: яны хочуць пераняць вопыт у медтурызме і пабудаваць у сябе падобныя аб'екты аздараўлення так як гэта будзе ў навінку для егіпцян. Рагашчук адзначыў і тое, што рынак афрыканскай краіны зацікаўлены ў айчынных прадуктах харчавання. Плануецца ў найбліжэйшай будучыні правесці ўзаемныя выставы прадукцыі дзвюх дзяржаў, каб прааналізаваць попыт.

Саветнік губернатара Паўднёвага Сіная Валід Эль Себаі адзначыў, што дзякуючы дамове ёсць магчымасці для супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадарцы, турызме і іншых. Спадар Валід таксама нагадаў, што з Егіпта прыехала вялікая дэлегацыя, якая працуе ў розных сфэрах і сёння будзе падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве, а асобным пунктам там будзе фігураваць супрацоўніцтва рэгіёну з Паўднёвым Сінаем.

Варта адзначыць, што тавараабарот Мінскай вобласці з Егіптам за паўгода складае 198%, што ўжо гаворыць пра многае. Пастаўляюцца туды калійныя ўгнаенні, запчасткі для БелАЗаў, друкаваную прадукцыю. Наўзамен нам пастаўляюць фармацэўтычную прадукцыю, садавіну і гародніну.

Хоць на сустрэчу дыпмісіі і прадстаўнікоў улады Мінскай вобласці часу было не шмат, але паспелі абмеркаваць шмат пытанняў. Напрыклад, у сферы адукацыі плануюць абмены студэнтамі. Адзначым, што ў цэнтральным рэгіёне добра развіта сфера сярэдняй спецыяльна прафесійнай адукацыі, што таксама можа зацікавіць «паўднёўцаў», бо ў губернатарстве актыўна ствараюцца вытворчыя і прамысловыя зоны, дзе відавочна спатрэбяцца і рабочыя спецыяльнасці.

Егіпецкі бок прапанаваў аблвыканкаму прапрацаваць піяр-кампанію для цэнтральнага рэгіёна ў гатэлях Шарм эль Шэйха з нацыянальным каларытам: ад страў да культурных мерапрыемстваў. Дарэчы, бакі ўзаемна запрасілі адзін аднаго на фестывалі і пленэры работнікаў культуры і творчыя калектывы.

У канцы сустрэчы Мікалай Рагашчук перадаў запрашэнне на абласныя Дажынкі ў Барысаве для губернатара Паўднёвага Сіная. У сваю чаргу госці падарылі ганаровую памятную таблічку з губернатарствам.

Чытаць 30 разоў

1