На «Дажынках» у Дзяржынскім раёне ўшаноўвалі лепшых аграрыяў

У суботу, 14 верасня, у Петкавічах прайшлі раённыя «Дажынкі».

Аграгарадок змяніўся да свята да непазнавальнасці: новы асфальт, пафарбаваныя фасады дамоў, абноўленая матэрыяльная база сацыяльнай інфраструктуры населенага пункта.

Паводле слоў старшыні Дзяржынскага райвыканкама Мікалая Арцюшкевіча, свята працаўнікоў вёскі праходзіць тут не ў першы раз. А да такой падзеі, як водзіцца, рыхтаваліся талакой: не толькі ўлада фінансавала ператварэнне аграгарадка, але і сельгаспрадпрыемствы ўносілі свой уклад.

На «Дажынках» прысутнічаў і высокі госць – памочнік Прэзідэнта – інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў. Ён распавёў, што са ўступлення на пасаду памочніка Прэзідэнта не аднойчы бываў у Петкавічах, на ААТ «Крутагор'е-Агра». І рады, што гэтае прадпрыемства заняло другое месца ў раёне па выніках жніва, а ў цэлым Дзяржынскі раён займае ганаровае трэцяе месца ў Мінскай вобласці.

Ігар Яўсееў таксама даў высокую ацэнку занятку мясцовай моладзі традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, народнай творчасцю. З вырабамі памочнік Прэзідэнта азнаёміўся на выставе, арганізаванай да «Дажынак».

Святочнае шэсце было цалкам прысвечана жніве: тут і тэхніка, без якой бы не ўдалося дасягнуць ураджайнасці, а таксама машыны, дзякуючы якім з палёў вывезлі ўсё да зярнятка. А галоўнае - людзі! У святочным шэсці ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх прадпрыемстваў раёна. Аграгарадок жыў у гэтыя гадзіны віншаваннямі землякоў, вынікамі ўборачнай, шчырай радасцю за тое, як змяніліся Петкавічы.

На святочнай сцэне адбылася цырымонія ўзнагароджання. Граматы лепшым аграрыям уручалі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч і прафсаюзныя лідары раёна.

Для ўсіх гасцей свята прагучаў святочны канцэрт з удзелам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, фолк-гурта «Беларускі гасцінец», Івана Буслая і іншых.

Чытаць 50 разоў

1