Прамая тэлефонная лінія прайшла ў Мінаблвыканкаме

У суботу, 14 верасня, прамую тэлефонную лінію ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце правёў намеснік старшыні Мікалай Рагашчук.

Летнюю спёку паступова змяняе восеньская прахалода, і людзі пачынаюць больш увагі надаваць падрыхтоўцы жылля да зімовага перыяду. І самае першае пытанне датычылася давядзення электрычных магутнасцяў да паказчыкаў, неабходных для ўладкавання ацяплення дома ў адной з вёсак Мінскага раёна. Дровамі ацяпляць не варыянт - плошча вялікая, гэта не выгадна, ды і газавыя балоны ўсталёўваць не лепшы выхад, лічыць заяўнік, таму звярнуўся за дапамогай.

Большая частка зваротаў закранула тэму ЖКГ і стану дарог. Жыхарка Фаніпаля патэлефанавала на прамую лінію адразу па гэтых двух пытаннях. Паводле яе слоў, з крана цячэ брудная вада, якую нельга ўжываць у ежу, а ў двары кладуць асфальт, з-за чаго часта перакрываюць пад'езд да дома. Марыя Фёдараўна з Салігорска таксама «змагаецца» з камунальнікамі. Яна жыве на верхнім паверсе шматпавярховага дома і хоча зашкліць балкон. Хоча, але не можа: зверху трэснула перакрыцце панэляў, і для таго, каб прыступіць да неабходных работ, трэба спачатку ліквідаваць гэтую праблему. У мясцовай ЖКГ ёй прапанавалі рамантаваць перакрыцце самой. Мікалай Рагашчук даў даручэнне спецыялістам, якія выедуць на месца і паспрабуюць вырашыць гэтае пытанне.

Некаторыя тэмы падымаюцца на прамых лініях не адзін раз. І сённяшняя не стала выключэннем. Да намесніка старшыні Мінаблвыканкама датэлефанаваўся жыхар Смалявічаў, які каля 10 месяцаў таму атрымаў ключы ад кватэры ў доме, размешчаным па адрасе вул. Савецкая, 132а (яго доўга не маглі здаць у эксплуатацыю). У забудоўшчыка перад будаўнічай арганізацыяй вялікія даўгі, і яна, у сваю чаргу, адмаўляецца завяршаць працу. Цяпер людзі жывуць у гэтым доме без гарачай вады і газу. Для тлумачэння сітуацыі, Мікалай Рагашчук адразу патэлефанаваў старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаілу Загорцаву. Кіраўнік раёна запэўніў, што воданапорную помпу заменяць ужо на наступным тыдні, а гэта значыць, што гарачая вада ў доме з'явіцца праз два тыдні. Працы па правядзенні газавай камунікацыі скончацца ў гэта ж час.

Як заўсёды, хваляваў жыхароў вобласці перадзел зямельных участкаў, пытанні транспартнай камунікацыі і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Кожны зварот будзе дэталёва вывучаны, заяўнікі атрымаюць тлумачэнні.

Чытаць 55 разоў

1