Першую ў Мінскай вобласці пляцоўку для міні-гольфа прэзентавалі ў Нясвіжы

Ва ўрачыстай абстаноўцы на базе дзяржаўнага каледжа ім. Якуба Коласа г. Нясвіж адкрылі першую ў вобласці пляцоўку для міні-гольфа пад адкрытым небам.

Гонар перарэзаць чырвоную стужачку выпаў старшыні Беларускай асацыяцыі гольфа Уладзіміру Дражыну, дырэктару каледжа Алене Жураўлёвай і намесніку старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Балцянкову.

- Не перастаю здзіўляцца, як мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі, жыхары ўпрыгожваюць жамчужыну Беларусі. Нясвіж - выдатная спадчына культуры, і ён будзе яшчэ лепш, стаўшы адным са спартыўных цэнтраў краіны, - адзначыў Уладзімір Дражын.

Пры гэтым прысутныя выказалі ўпэўненасць, што на пляцоўцы змогуць займацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. А валанцёры і трэнеры ім у гэтым дапамогуць.

Тым часам, падзякі з рук дырэктара Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа ім. Якуба Коласа Алены Жураўлёвай атрымалі прадстаўнікі арганізацый, якія ўнеслі ўклад у агульную справу: Нясвіжская ПМК-23, РАНС, ТАА «Вясёлкавы Б-Б», Клецкі механічны завод, «Фармлэнд», філіял «ДЭУ №65» РУП «Мінскаўтадар-цэнтр», мясцовая ЖКГ і іншыя.

Дарэчы, ва ўрачыстай абстаноўцы ганаровымі гасцямі быў зроблены першы сімвалічны ўдар. А далей адбыўся таварыскі турнір паміж камандамі навучэнцаў Нясвіжскага каледжа, устаноў адукацыі Мінска і Слуцка. Галоўным суддзёй матчу выступіў старшыня БСАА «Федэрацыя міні-гольфа» Вадзім Бягун. Першае месца занялі навучэнцы Нясвіжскага каледжа, другое - СШ №10 ім. С. Рубанава са Слуцка, трэцяе - каманда Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. У асабістым заліку лепшымі сталі Дзяніс Даўжонак, Ілля Карчык, Уладзіслаў Гарэмыка.

Чытаць 46 разоў

1