Бізнес-прэзентацыя Мінскай вобласці пройдзе ў Арменіі. Гэта абмеркавалі падчас дзелавой сустрэчы

Мінская вобласць мае намер пашыраць супрацоўніцтва з дзелавымі коламі Арменіі. Прадстаўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў і бізнесу цэнтральнага рэгіёна Беларусі прэзентуюць сваю прадукцыю ў Ерэване.

Да такой дамоўленасці падчас сустрэчы прыйшлі старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Беларусі, Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Арменія пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў Армен Гевандзян.

- Тавараабарот Мінскай вобласці з Арменіяй расце, і гэта не можа не радаваць. За студзень-ліпень ён склаў больш за 5 млн даляраў ЗША - у паўтара раза больш у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Хоць неабходна нарошчваць абароты. З боку ўлады галоўнае — аказваць усялякае садзейнічанне бізнесу, — адзначыў Анатоль Ісачанка.

Мінская вобласць і Арменія могуць развіваць супрацоўніцтва ў машынабудаванні, перапрацоўчай прамысловасці, турызме, лясной і сельскай гаспадарцы. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — падрыхтоўка спецыялістаў. У цэнтральным рэгіёне няма вышэйшых навучальных устаноў, аднак добра развіта прафесійная адукацыя. Беларускія электрыкі, будаўнікі і слесары карыстаюцца попытам як у нашай краіне, так і за яе межамі. Армянскім бізнесменам таксама будуць цікавы напрацоўкі, звязаныя з высокімі тэхналогіямі, IT і банкаўскім сектарам. Менавіта гэтыя прафесійныя пляцоўкі, па словах Армена Гевандзяна, могуць паўплываць на далейшае развіццё адносін.

- На сённяшні дзень мы маем дастаткова развітае супрацоўніцтва. Але калі на нейкім этапе скажам, што задавальняемся вынікам, далейшага развіцця не будзе. Таму мы павінны рабіць акцэнт не толькі на традыцыйных галінах супрацоўніцтва, якія ўласцівы Мінскай вобласці і рэгіёнам Арменіі, але і пашыраць іх. Для гэтага важны адрасныя сустрэчы і бізнес-форумы. Хай яны не будуць адрознівацца масавасцю, тут важней іншае - кожны бізнесмен зможа сустрэцца са сваім патэнцыйным профільным калегам і абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва. Тады і тавараабарот будзе павышацца, - адзначыў Армен Гевандзян. — Прапанова Анатоля Міхайлавіча прэзентаваць патэнцыял Мінскай вобласці ў Арменіі будзе, на маю думку, успрынята з цікавасцю. Па выніках будуць вычленены тыя сектаральныя напрамкі, якія стануць асноўнымі праваднікамі бізнесменаў.

Як паведаміў пасля сустрэчы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук, бізнес-прэзентацыя Мінскай вобласці ў Арменіі можа адбыцца ўжо ў канцы года.

Дадаткова

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Арменіяй устаноўлены 11 чэрвеня 1993 года. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін уключае 75 міжнародных дагавораў (пагадненняў). Аснову экспарту складаюць аўтамабілі спецпрызначэння, лекавыя сродкі, малако і вяршкі згушчаныя, драўляныя шпалы. У Беларусь імпартуюцца гліны, шакалад, лекавыя сродкі, сталовы посуд.

Чытаць 64 разоў

1